Садовыя арэлі «Александрыя» магілёўскага ААТ «Ольса» ў гэтым сезоне прадаваліся ў Беларусі ўдвая лепш, чым у мінулым. Дырэктарка прадпрыемства Кацярына Багдановіч патлумачыла рост Дзяржаўным знакам якасці, які мадэль атрымала ў 2026 годзе, і рэкламай, узмоцненай пасля яго прысваення. За сезон арэляў гэтай мадэлі вырабілі і прадалі каля чатырох тысяч, а рэалізацыя па заводзе ў цэлым вырасла на 15 працэнтаў.
Начальніца ўпраўлення продажаў пералічыла, за што пакупнікі выбіраюць мадэль:
- вытрымлівае да 500 кілаграмаў;
- адным рухам рычага раскладваецца ў двухспальны ложак;
- абароненая антымаскітнай сеткай з матэрыялу ААТ «Стужка»;
- накрытая тэнтам з тканіны ААТ «Магатэкс» з воданепрымальнай прапіткай і дахам ад дажджу.
Арэлі – галоўны прадукт завода: іх выпускаюць больш за 150 тысяч у год пры агульным аб’ёме звыш мільёна вырабаў. Больш за 80 працэнтаў прадукцыі ідзе за мяжу, і першай сярод партнёраў дырэктарка назвала Расію, за ёй – Казахстан, Таджыкістан, Узбекістан і Азербайджан.
За сапраўдную мяжу «Ольса» трапіла праз тое, што ў яе ёсць цёмны бок. У лютым 2026 года «Ольса» апынулася ў спісе BELPOL беларускіх прадпрыемстваў, якія наўпрост або ўскосна працуюць на вайну Расіі супраць Украіны. Паводле звестак аб’яднання, завод пастаўляе камплектуючыя для рэактыўных снарадаў калібру 122 міліметры. Сабраныя матэрыялы BELPOL перадаў у Еўрасаюз, ЗША, Канаду, Вялікабрытанію і Украіну для ўвядзення санкцый. Знак якасці ў ААТ «Ольса» стаіць на арэлях. Якасць другой прадукцыі завода правяраюць па той бок фронту.
Фота БелТА .
