гноераскідвальнік

Бабруйскі гноераскідвальнік навучылі малоць бетонныя пліты

На прэс-туры ў «Бабруйскаграмашы» журналістам паказалі мадэрнізаваную МТУ-18 – машыну для ўнясення арганічных угнаенняў, прасцей кажучы, гноераскідвальнік. Начальнік цэнтра навукова-тэхнічных распрацовак Дзяніс Жвырблеўскі назваў яе незнішчальнай: запас трываласці, паводле яго слоў, больш чым трохразовы. Распрацоўваюць машыну з 2009 года, грузападымальнасць за гэты час расла з 13 да 18 тон і вышэй, аптымальнымі прызналі менавіта 18. 

Незнішчальнасці, аднак, аказалася мала. Машыну, расказаў Жвырблеўскі, не раз падавалі на конкурс, і кожны раз ёй не хапала інавацыйнага складніка. Апошнія два гады яе дапрацоўвалі разам з Нацыянальнай акадэміяй навук і НПЦ механізацыі. Вынік – узмоцненая хадавая частка і раскідвальныя прылады ўласнай вытворчасці, якія здольныя перамолваць нават бетонныя пліты і буйныя блокі. 

Наогул, задача гноераскідвальніка – раўнамерна раскідаць па полі гной. Бетонных пліт у гноі быць не павінна, і малоць іх машыне ў полі не давядзецца. Але менавіта гэтая здольнасць стала аргументам, калі спатрэбілася даказаць, што МТУ-18 – не проста трывалы прычэп, а інавацыя. 

Паводле слоў Жвырблеўскага, МТУ-18 ёсць амаль у кожнай гаспадарцы Беларусі, а ў Расіі з-за магутных трактароў часцей бяруць мадэлі на 20 і 24 тоны.
Жанр застаўся з савецкіх часоў, калі ідэолагі выдумалі міф пра «Беларус» як найлепшы трактар у свеце. Цяпер да міфа дадаўся незнішчальны гноераскідвальнік, які зачымcьці меле бетон.

Фота БелТА .

← Усе навіны Магілёва