У камандзе футбольнага клуба “Горкі” гуляў футбаліст, які выдаваў сябе за іншага чалавека.
Скандал здарыўся ў другой лізе чэмпіянату Беларусі па футболе, дзе гуляюць горацкія футбалісты. Спачатку нічога незвычайнага нібыта не адбылося. «Горкі» згулялі з «Коласам» з Чэрвеня ўнічыю 1:1. Аднак ужо на наступны дзень вынік матчу змяніўся без выхаду футбалістаў на поле: горацкай камандзе залічылі тэхнічную паразу 0:3.
Прычына хутка высветлілася. Пад дзясятым нумарам у заяўцы «Горак» значыўся Антон Грамыка. Насамрэч жа пад яго імем на поле выйшаў Павел Купцоў.
Прычым матч з «Коласам» аказаўся не адзіным. Неўзабаве стала вядома, што тыднем раней Купцоў па такой жа схеме ўдзельнічаў у гульні супраць дубля «Віцебска». Праўда, тады хітрасць горацкай камандзе не дапамагла нават фармальна. «Віцебск» разграміў «Горкі» з лікам 6:1.
Такім чынам, у адным матчы падмена футбаліста прынесла камандзе разгром, а ў другім – нічыю, якая пасля ператварылася ў тэхнічную паразу. Значна больш сур’ёзнай стратай для «Горак» стала рэпутацыя: цяпер каманду ведаюць далёка за межамі раёна не толькі дзякуючы футболу.
Фотаздымак з адкрытых крыніц
