Камітэт дзяржкантролю Магілёўскай вобласці праверыў адно з найбуйнейшых прамысловых прадпрыемстваў рэгіёна і зафіксаваў выпуск прадукцыі з парушэннем тэхнічных нарматываў і без дэкларацый адпаведнасці больш чым на мільён рублёў.
Астатняе з той жа справаздачы:
- амартызацыю па маёмасці, якая не выкарыстоўвалася, незаконна адносілі на затраты – праз гэта ў бюджэт недаплацілі амаль 32 тысячы рублёў падатку на прыбытак;
- пры будаўніцтве аб’ектаў неэфектыўна патрацілі амаль 100 тысяч рублёў, парушалі парадак закупак.
Прадпрыемства і яго службовых асоб аштрафавалі ў агульнай суме больш чым на 90 тысяч рублёў, а выкананне «прапаноў па павышэнні эфектыўнасці» камітэт узяў на кантроль.
Галоўная лічба тут – мільён. Дэкларацыяй адпаведнасці вытворца пацвярджае, што тавар адпавядае тэхнічным патрабаванням. Ці трапіла такая прадукцыя да пакупнікоў і да каго менавіта, з паведамлення даведацца нельга.
Пры гэтым выбар невялікі – пералік найбуйнейшых прамысловых прадпрыемстваў вобласці апублікаваны на сайце аблвыканкама.
Так было не заўсёды. У сакавіку 2017 года той жа камітэт даваў справаздачу аб праверцы ААТ «Строительный трест № 17» за подпісам тагачаснага старшыні: сярод парушэнняў была і рэалізацыя прадукцыі без дэкларацый і сертыфікатаў адпаведнасці, штрафы на 19,6 тысячы рублёў атрымалі само таварыства і 27 службовых асоб. Назва трэста стаяла ў загалоўку.
На пачатку верасня камітэт расказваў пра вытворцу вады, які амаль два гады прадаваў прадукцыю па цэнах, не пацверджаных эканамічнымі разлікамі, у тым ліку камбінатам школьнага харчавання і спартыўным школам. Назва вытворцы таксама не прагучала.
Прадпрыемства заплаціць больш за 90 тысяч рублёў. Чыя менавіта прадукцыя на мільён выйшла без дэкларацый, камітэт пакінуў пры сабе, спрабуючы схаваць шыла ў мяшку.
Фота ілюстрацыйнага характару.
