інструктаж

Шчыры дыялог з удзелам ГУБАЗіК: у Магілёўскім аблвыканкаме вучылі рэдактараў і блогераў

У Магілёўскім аблвыканкаме прайшоў семінар-практыкум для начальнікаў ідэалагічных аддзелаў гарвыканкамаў і раённых адміністрацый, галоўных рэдактараў мясцовых выданняў і блогераў вобласці.
Называўся ён «Дзяржаўныя інстытуты, СМІ і блогасфера: лічбавая рэпутацыя і эфектыўнае ўзаемадзеянне», а мэтай арганізатары абвясцілі выпрацоўку адзіных прынцыпаў працы з інфармацыяй.
Адкрываў семінар намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы аблвыканкама. Ён гаварыў пра партнёрства і ўзаемную павагу і апісаў, як выглядае правільнае ўзаемадзеянне: блогер перад публікацыяй правярае інфармацыю ў ведамстве, СМІ падхопліваюць сацыяльныя ініцыятывы з сеткі, а дзяржорган без афіцыёзу рэагуе на крытыку. Паводле яго слоў, у выйгрышы ад гэтага найперш людзі.
Хто выступаў пасля яго, гаворыць пра семінар больш, чым прывітальнае слова. 

З чатырох дакладчыкаў двое прадстаўлялі міліцыю: начальнік аддзела па супрацьдзеянні кіберзлачыннасці Ленінскага РАУС Магілёва расказваў пра прафілактыку кіберзлачынстваў, супрацоўнік адзінаццатага ўпраўлення ГУБАЗіК МУС – пра інструменты і платформы для прафілактыкі экстрэмізму ў інтэрнэце. 

Двое іншых прыйшлі з таго ж ідэалагічнага ўпраўлення аблвыканкама: адна супрацоўніца тлумачыла, як дзеянні ўдзельнікаў медыяпрасторы ўплываюць на імідж дзяржаўных інстытутаў і рэгіёна, другая – якой павінна быць інфармацыйная павестка.
ГУБАЗіК пасля 2020 года вядомы тым, што зганьбіўся так, што ніколі не адмыецца. Затрыманнямі за каментары, падпіскі і данаты і «пакаяннымі» відэа затрыманых.
Калі такое ведамства прыходзіць на сустрэчу з рэдактарамі і блогерамі расказваць пра прафілактыку, гэта не абмен досведам, а інструктаж.
Складзеныя разам, даклады даюць простую, як табурэтка, і немудрагелістую, як думкі міліцыянера, схему.
Публікацыю блогер загадзя звярае з ведамствам, павестку задае аблвыканкам, пра наступствы нагадвае ГУБАЗіК.
«Лічбавая рэпутацыя» ў назве семінара – гэта рэпутацыя ўлады, якая даўно і беспаваротна сябе дыскрэдытавала.
«Адзіныя прынцыпы працы з інфармацыяй» азначаюць, што пісаць пра рэгіён павінны аднолькава.
На наступны дзень бабруйскія дзяржаўныя выданні пераказалі семінар: замест дакладаў сілавікоў у іх тэксце засталася агульная фраза пра тое, што ўдзельнікі абмеркавалі прафілактыку кіберзлачынстваў і экстрэмізму, а ГУБАЗіК не згаданы ўвогуле. Атрымліваецца, практыкум спрацаваў імгненна.

Фота Магілёўскі аблвыканкам.

← Усе навіны Магілёва