У Магілёве рамантуюць дом на Першамайскай, 46 – сталінку 1954 года на рагу з Ціміразеўскай, насупраць Мінскага рынку, якую ў горадзе называюць акцёрскім домам.
Фасад фарбуюць, дах і столь вежы збіраюцца перарабіць, на месца ўжо прывезлі новы шпіль.
Сама вежа – трохузроўневае нежылое памяшканне плошчай 47 квадратных метраў з бельведэрам наверсе – шмат гадоў прадаецца і не знаходзіць пакупніка.
У 2017 годзе яе прапаноўвалі за 33 300 долараў, летам 2025 года кампанія Savmet выставіла яе ўжо за 52 000. Хто плаціць за рамонт і ці змяніла вежа ўладальніка, пакуль невядома.
Надламаны шпіль даўно аброс гарадскімі легендамі – пра маланку, пра самалёт. Мясцовы жыхар расказаў куды больш празаічную версію: калі частка будынка належала гораду, рабочыя, каб пафарбаваць дах, накінулі на шпіль вяроўку, і металічны наканечнік не вытрымаў вагі чалавека.
Новаму шпілю, атрымліваецца, дастаткова перажыць хаця б наступную афарбоўку.
Фота МагілёўАнлайн.
