Недалёка ад гаражнага масіву «Могилевхимволокно» у Магілёве з’явіліся стыхійныя могілкі хатніх жывёл. Яны ў некалькіх метрах ад дарогі, маленькія крыжы і помнікі відаць проста з абочыны.
Узгорачкі абнесены нізкімі агароджамі. На адных магілах стаіць проста фотаздымак ката ці сабакі, на іншых – гранітныя надмагіллі з мянушкамі і датамі.
Амаль усе магілы дагледжаныя, нехта прыносіць сюды корм і цацкі, хоць некаторыя гадаванцы, мяркуючы па датах, памерлі пяць і восем гадоў таму.
Хаваць жывёл на землях агульнага карыстання, у лесе, на сельскагаспадарчых угоддзях і нават ва ўласным агародзе ў Беларусі нельга. За парушэнне пагражае штраф да 30 базавых велічынь, гэта значыць да 1350 рублёў.
Законны шлях – утылізацыя. У Магілёве крэмацыю гадаванцаў прапануе «Спецаўтапрадпрыемства»: індывідуальная, пасля якой гаспадару аддаюць прах, каштуе каля 242 рублёў.
Другі варыянт – жывёльныя могільнікі, біятэрмічныя ямы, разлічаныя на сельскагаспадарчых жывёл.
Для закона памерлы сабака – біялагічныя адходы, якія трэба ўтылізаваць. Для чалавека, які ставіць яму гранітны помнік з фотаздымкам, – член сям’і.
Фота МагілёўАнлайн.
