Прадпрымальніца і блогерка Святлана Зерэ рыхтуе ў кастрычніку 2026 года прэзентацыю сваёй кнігі аб вёсцы Заполле, што на Глушчыне.
Вяртанне ў сваю прастору
Кніга мусіць стаць працягам праекта, які пачаўся ў траўні 2024 года сайтам аб вёсцы zapolle.by. Яго ініцыятарам і стваральнікам была Святлана Зерэ. Яна нарадзілася ў Бабруйску, а зараз жыве ў Мінску. Ёй 42 гады. Як блогер мае аўдыторыю ў 123 тыс. падпісчыкаў.
У вёсцы Заполле прайшло яе дзяцінства, там быў бабулін дом, які яна спачатку хацела проста аднавіць, каб захаваць месца, з якім звязаныя дзіцячыя гады, яе род, яе ўспаміны. Аднак потым было вырашана будаваць дом з нуля. “Мы пачалі будаўніцтва ў верасні 2023 года, а ў чэрвені 2025-га адсвяткавалі наваселле”, – кажа яна выданню Мagilev.by. Потым Заполле стала займаць у жыцці жанчыны і яе сям’і больш месца, чым напачатку планавалася.
“Раней Мінск быў маім асноўным жыццём, а Заполле – месцам, куды я прыязджала. Цяпер гэта ўжо два паўнавартасныя прасторы майго жыцця. І я ўсё часцей кажу: “На выходныя еду дадому”, маючы на ўвазе вёску”, – адзначае Святлана.
Ад сайта да кнігі
Гістарычны сайт вёскі стаў першым этапам па захаванні памяці, але з часам узнікла жаданне захаваць гісторыю ў больш адчувальнай форме. Так з’явілася рашэнне надрукаваць кнігу.
“Пасля Новага года да мяне прыехаў чалавек, якога я раней ніколі не бачыла, – Анатоль Глаз. Ён нарадзіўся ў Заполлі, а цяпер жыве ў Мар’інай Горцы. Мы разгаварыліся, і ён спытаў, чаму я не выдаю кнігу. Я адказала шчыра: таму што гэта вельмі дорага”, – ўзгадвае Святлана Зерэ. На гэта госць адказаў, што гатовы прафінансаваць выданне кнігі на 50%.
І вось цяпер на 17 кастрычніка 2026 года ў Глускім краязнаўчым музеі запланавана прэзентацыя кнігі.
“Ёсць і яшчэ адна прычына, чаму кніга стала важнай. За гэтыя гады сайт вёскі некалькі разоў станавіўся недаступны. Людзі з іншых краін не заўсёды маглі адкрыць яго. Пакуль я жывая, я гэта заўважаю. А што будзе потым? Кніга значна надзейней лічбавага архіва”, – упэўнена аўтар.
Унёсак у гісторыю
Аўтар ужо мае свой экзжмпляр кнігі. Наклад жа друкуецца ў друкарні яе сябра Эльвіна Умраева, які з’яўляецца дырэктарам сеткі друкарняў і паліграфічнай кампаніі “Ківі груп”. “Ён робіць гэты праект для мяне практычна па сабекошце. Менавіта таму яго імя таксама ёсць у кнізе – як знак маёй падзякі”, – адзачае Святлана Зерэ.
Усяго ў кнізе на 504 старонках інтерв’ю з 32 людзьмі, звязанымі з Заполлем. “Гэта не прыдуманыя персанажы – гэта рэальныя людзі і рэальныя лёсы. Мне вельмі хочацца, каб аднойчы іх дзеці і ўнукі адкрылі кнігу і ўбачылі ў ёй сваіх родных”, – кажа аўтар. А галоўны чытач – любы чалавек, які мае дачыненне да Заполля.
“Зусім не абавязкова жыць у вёсцы сёння. Хтосьці нарадзіўся тут. У кагосьці жылі бацькі, бабулі, дзядулі. Людзі раз’ехаліся па Беларусі і па ўсім свеце. Для іх кніга становіцца магчымасцю літаральна ўзяць у рукі частку сваёй сямейнай гісторыі”, – ўпэўнена жанчына. Паводле яе, з 32 герояў інтэрв’ю толькі трое адмовіліся ад падарункавага асобніка, але многія папрасілі яшчэ кнігі і для сваіх дзяцей.
“Гэтая кніга – мой унёсак у гісторыю Беларусі, якую Я люблю ўсім сэрцам і лічу лепшай краінай для жыцця. Мне хочацца, каб мае дзеці і дзеці іншых сем’яў таксама любілі, бераглі і шанавалі сваю Радзіму”, – кажа Святлана Зерэ.
Фотаздымак: Мagilev.by
