Былыя кіраўнікі аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Ленінскага РАУС Магілёва, які ў 2020 годзе затрымліваў і афармляў пратэстоўцаў, знайшлі сабе новыя месцы.
Дзе яны цяпер, высветліла каманда MAYDAY. Самы прыкметны лёс у падпалкоўніка Паўла Башарымава: у маі 2024 года ён атрымаў прэмію «Дасягненне», у кастрычніку таго ж года выйшаў на пенсію ў 48 гадоў і ўладкаваўся кіраўніком па ваенна-патрыятычным выхаванні ў агралесатэхнічны каледж імя Арлоўскага ў Буйнічах.
На новым месцы Башарымаў таксама ўжо адзначаны. У конкурсе «PRO-воспитание» Міністэрства адукацыі ўзнагародзіла яго дыпломам III ступені ў намінацыі «ProМужество: Формула патриота».
Сваю формулу былы міліцыянер правяраў у 2020 годзе на актывісце Станіславе Паўлінковічы, якога ў маі судзілі за ўдзел у акцыі «кармленне галубоў». Пачуўшы чарговае рашэнне, ён сарваўся на суддзю Ленінскага раёна Аксану Ратнікаву.
Адзіным сведкам, які сам чуў гэтыя словы, на судзе аказаўся Башарымаў. Справа стала першым палітычным крымінальным прысудам у Магілёве: у кастрычніку 2020 года Паўлінковіч атрымаў тры гады «хіміі».
Калегі Башарымава па цэху таксама нядрэнна ўладкаваліся. Уладзімір Паўлаў, які ў 2022 годзе часова ўзначальваў аддзел, перайшоў у Кастрычніцкі РАУС, а цяпер кіруе спецыялізаваным ізалятарам УУС аблвыканкама – былым выцвярэзнікам.
Падпалкоўніка Аляксандра Пушына, першага намесніка начальніка РАУС, які камандаваў міліцыяй у аблсудзе падчас працэсу над Сяргеем Ціханоўскім, у штатным раскладзе аддзела больш няма. Яго месца заняў Аляксей Шакун, які да гэтага адказваў у РАУС за ідэалагічную работу і кадры.
Паўлінковіч за нястрыманыя словы ў судзе адбыў два гады «хіміі». Башарымаў за падаўленне пратэстаў атрымаў прэмію «Дасягненне», пенсію ў 48 гадоў і дыплом Міністэрства адукацыі за «формулу патрыёта».
Фота «Вясна».
