Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю праверыла 41 краму Магілёўскага райспажыўтаварыства і знайшло парушэнні ў 40 з іх. Без заўваг абышлася толькі адна. Часцей за ўсё інспектары знаходзілі:
- невыкананне абавязковага асартыменту і памылкі ў цэнніках – у 29 крамах;
- парушэнні санітарных патрабаванняў і ўмоў захоўвання – у 21 краме;
- пратэрміноўку або тавары без указання тэрміну прыдатнасці – у кожнай другой краме;
- завышаныя цэны пры адгрузцы тавараў бюджэтным арганізацыям.
З паліц знялі амаль сто найменняў больш чым на 1,6 тысячы рублёў. Пераплата бюджэтных арганізацый абышлася абласному і мясцовым бюджэтам больш чым у 1,2 тысячы рублёў.
Трапнасць інспектараў МАРГ на Магілёўшчыне не выпадковая. У верасні міністэрства падводзіла вынікі праверак сельскага гандлю, і ў Магілёўскай вобласці парушэнні знайшлі ў 91 аб’екце з 92.
Разам з райспажыўтаварыствам атрымліваецца 131 пападанне са 133 стрэлаў.
Пакаранне пры гэтым сціплае. Да адказнасці прыцягнулі трох службовых асоб, яшчэ сорак чалавек атрымалі папярэджанні, а агульная сума штрафаў для райспажыўтаварыства склала каля дзвюх тысяч рублёў – прыкладна па пяцьдзясят рублёў на краму з парушэннямі. Прамахнуцца інспектарам у крамах райспажыўтаварыства цяжка, але і пападанне абыходзіцца райспажыўтаварыству нядорага.
Фота МАРГ.
