Чартарныя авіярэйсы з Магілёва ў Егіпет, якія меліся быць круглы год, спыняюцца ў кастрычніку.
Акрамя Магілёва, такія самыя рэйсы адменены і з Гомеля. З Магілёва апошні самалёт «Белавія» вылеціць 24 кастрычніка, назад турысты вернуцца ўжо ў Мінск. Раней, яшчэ летам, былі таксама адмененыя палёты ў Шарм-эль-Шэйх з Брэста.
Прадстаўнік тураператара “Інтэрсіці” які разам з авікампаніяй “Белавія” займаўся чартарнымі рэйсамі ў Егіпет з абласных цэнтраў, паведаміў, што усе чартарныя рэйсы з рэгіянальных аэрапортаў сапраўды перанеслі ў Мінск. Абумоўлена гэта “неабходнасцю забяспечыць бяспечнае і стабільнае выкананне рэйсаў”.
“Пры планаванні палётнай праграмы на дадзены перыяд улічваюцца асаблівасці зімовай навігацыі, метэаралагічныя ўмовы, а таксама абмежаванні на выкарыстанне асобных паветраных прастор і запасных аэрадромаў. З улікам сукупнасці гэтых фактараў ААТ “Авіякампанія Белавія” прыняло рашэнне засяродзіць чартарную праграму ў Нацыянальным аэрапорце Мінск у сезон “Зіма 2026/2027”. У летні сезон палётная праграма з рэгіёнаў будзе адноўлена ў поўным аб’ёме, – распавёў ён.
Аднаўляць палётную праграму ў Егіпет летам падаецца крыху нелагічным, улічваючы, што асноўны паток турыстаў у гэтую краіну выбірае наведванне яе менавіта не ў летні перыяд, бо летам адпачынак там суправаджаецца занадта вялікай спёкай. Дарэчы, калі летась з вялікай помпай адпраўлялі першы за некалькі гадоў авіярэйс з Магілёва ў Шарм-эль-Шэйх, было гэта якраз напрыканцы лістапада.
Фотаздымак: Белавія
