Карту Беларусі з каўбасы, сала і мясных рулетаў паказалі ў суботу на абласных «Дажынках» у Шклове.
Карта стаіць на драўлянай аснове з выразаным надпісам ААТ «Александрийское». Унутры контуру – нарэзка дзясяткаў гатункаў, участкі падзелены палоскамі зеляніны, зверху ўсё зацягнута харчовай плёнкай.
На ўчастках уваткнуты драўляныя таблічкі: Брэст, Віцебск, Гомель, Гродна, Мінск, Магілёў і Александрыйскае. Шэсць абласных цэнтраў і адна гаспадарка Шклоўскага раёна.
Участак Александрыйскага выкладзены ружачкамі з рулетаў, а таблічка над ім не меншая за мінскую. Подпіс да роліка – «Карта Белоруссии из мяса».
Каментатара, які паправіў на «Беларуси», аўтар адбрыў: пішам, як чуем, «патриоты, в отличии от некоторых».
ААТ «Александрийское» ўваходзіць у аграхолдынг Кіраўніцтва справамі, а Александрыя – родная вёска нашага дзядка, дзе кожнае лета праходзіць «Купалле». На саміх «Дажынках» гаспадарку назвалі найлепшай па ўраджайнасці ў вобласці. У ліпені, разглядаючы кадравыя пытанні, Лукашэнка паабяцаў зрабіць Шклоўскі раён узорным «для капіравання па ўсёй краіне».
У Ільфа і Пятрова Феафан Мухін выкладваў карціны з аўса, а іншы майстар зрабіў з валасоў «Деда Пахома и трактор в ночном» – валасы браў у беспартыйных, але карціна атрымалася ідэалагічна вытрыманай.
Шклоўская карта вытрыманая не горш. На папяровай Александрыю без лупы не знайсці, на мясной яна памерам з Мінск.
Фота: скрыншот відэа TikTok.
