Самарцаў

Нумізмат з Асіповічаў: моладзь стала менш цікавіцца старадаўнімі манетамі

Электраманцёр з Асіповічаў Міхаіл Самарцаў, які сабраў больш 1000 манет, сведчыць аб меншым зацікаўленні такім хобі ў цяперашняй моладзі.

“Дробязная” гісторыя 

Для большасці людзей дробная манета – гэта нешта, што звініць у кішэні, губляецца пад канапай ці гадамі ляжыць у шуфлядзе. А для асіпаўчаніна Міхаіла Самарцава нават самая непрыкметная манетка можа аказацца маленькім кавалачкам сусветнай гісторыі.

Пры гэтым прафесія мужчыны ніяк не звязаная з грашыма. Ён працуе электраманцёрам у раённых электрычных сетках, але пра манеты можа расказваць, напэўна, значна даўжэй, чым іншы банкір.

Збіраць іх Міхаіл пачаў яшчэ ў дзяцінстве. Захапленнем яго заразіў стрыечны брат з Салігорска. Спачатку гэта былі звычайныя капейкі, але паступова прыйшло разуменне, што дробныя грошы могуць мець каштоўнасць зусім не праз пазначаны на іх намінал.

Асабліва калі яны выйшлі з абарачэння сто ці дзвесце гадоў таму. Так Міхаіл зацікавіўся дробнымі манетамі розных краін, выпушчанымі пачынаючы з 1800 года.

Грошы з сотні краін

Сёння калекцыя асіпаўчаніна налічвае ўжо больш за тысячу экзэмпляраў з больш як ста краін свету. На першы погляд можа падацца, што збіраць манеты аднаго наміналу занятак даволі аднастайны. Але для нумізматаў усё выглядае інакш. Нават манеты аднолькавай вартасці могуць адрознівацца годам выпуску, манетным дваром, металам, памерам, вагой, малюнкам і нават афармленнем гурта (рэбра) манеты.

У калекцыі Міхаіла ёсць і сапраўдныя рэдкасці. Сярод іх дацкі рыксбанкдалер 1838 года і адна з егіпецкіх манет, выпушчаная невялікім накладам. Асаблівае месца займае манета з Паўднёвай Афрыкі, у якой абодва бакі рэверсы, ці, як кажуць у побыце, «рэшкі». Такая незвычайная манета мае значную калекцыйную каштоўнасць. 

Папаўняецца калекцыя самымі рознымі шляхамі. Частку манет Міхаіл знаходзіць на спецыялізаваных інтэрнэт-пляцоўках і аўкцыёнах, некаторыя выменьвае ў іншых нумізматаў. Бываюць і выпадковыя знаходкі, падарункі ад знаёмых, а таксама манеты, прывезеныя з замежных паездак. Нядаўна некалькі фінскіх экзэмпляраў яму перадаў брат, які таксама зацікавіўся нумізматыкай.

Калекцыянер-рэстаўратар

Зрэшты, атрымаць старую манету – гэта яшчэ толькі палова справы. За дзесяцігоддзі і стагоддзі яна магла сцерціся, пакрыцца карозіяй ці страціць выразнасць малюнка. Таму Міхаіл навучыўся сам ацэньваць стан сваіх знаходак: ступень зносу, захаванасць рэльефу, стан гурта і металу. Асвоіў і спосабы рэстаўрацыі, падбіраючы спецыяльныя сродкі ў залежнасці ад матэрыялу манеты.

Першыя экзэмпляры, прыгадвае калекцыянер, змяшчаліся ў звычайнай шкатулцы. Цяпер жа для ўсёй калекцыі патрэбныя пятнаццаць альбомаў. Манеты ў іх раскладзеныя па краінах і кантынентах, а побач размешчаныя дзяржаўныя сцягі. Дзякуючы свайму захапленню Міхаіл заадно вывучыў і іх.

Такім чынам калекцыя стала для электраманцёра своеасаблівым падручнікам геаграфіі і гісторыі.

Адзіны жаль

Адзінае, пра што шкадуе Міхаіл Самарцаў, што цяперашняя моладзь, паводле яго назіранняў, усё менш цікавіцца старадаўнімі манетамі. А між тым за кожнай з іх стаіць значна больш, чым проста дата выпуску і намінал. Па манетах можна вывучаць гісторыю дзяржаў, змены грашовых сістэм, развіццё тэхналогій чаканкі і выкарыстання металаў. Часам нават моцна сцёртая капейка здольная расказаць пра сваю эпоху не менш за музейны экспанат.

І хоць большасцю сабраных Міхаілам манет ужо даўно нічога не купіш, ад гэтага яны не сталі бескарыснымі. Наадварот, звычайныя калісьці грошы ператварыліся ў гістарычныя сведчанні, якія варта вывучаць і захоўваць.

Сам Міхаіл працягвае папаўняць сваю калекцыю. На паліцах з’яўляюцца новыя альбомы, у іх новыя краіны, гады і манетныя двары. 

Фотаздымак: osipovichi-region.by

← Усе навіны Магілёва