Матрона

У Магілёў зноў прывезлі мошчы Матроны з Масквы, а лепш аддалі б Крыж

Каўчэг з часцінкай мошчаў Матроны Маскоўскай даставілі ў кафедральны сабор Праабражэння Гасподня ў Магілёве. Да 15 кастрычніка святыня прабудзе там, потым яе павязуць па епархіі: храм у аграгарадку Прысна, Свята-Мікольскі жаночы манастыр, храм у Горках. 21 кастрычніка Магілёўшчына адпусціць каўчэг, 22-га яго чакаюць у Брэсце. 

Едзе святыня з блаславення Патрыярха Кірыла – Беларуская праваслаўная царква застаецца экзархатам Маскоўскага патрыярхату. Гастролі мошчаў рускіх святых для яе звычайная справа. 

Матрона – маскоўская падзвіжніца XX стагоддзя: памерла ў 1952 годзе, мясцовашанаванай святой стала ў 1999-м, агульнацаркоўнай – у 2004-м. У Магілёве гэты каўчэг ужо прымалі – у кастрычніку 2017 года да яго ў тым жа саборы выстраілася чарга з вуліцы. 

Клірык сабора іерэй Андрэй Шаварын патлумачыў прысутным, што прасіць у мошчаў трэба найперш выратавання душы, а вучоба ў інстытуце, здароўе і адносіны з блізкімі – не галоўнае. 

Свая святыня ў Магілёва была. Крыж Еўфрасінні Полацкай, які майстар Лазар Богша зрабіў у 1161 годзе, да вайны захоўваўся ў Магілёўскім музеі і знік у 1941-м. Дзесяцігоддзямі яго шукалі на Захадзе, пакуль даследчыкі не пачалі схіляцца да расійскага следу. 

Гісторык і археолаг Сяргей Тарасаў у сваёй кнізе сцвярджае, што крыж знаходзіцца ў Троіца-Сергіевай лаўры – у маскоўскага патрыярха. Калі Тарасаў мае рацыю, Масква прывозіць Магілёву на дзесяць дзён часцінку мошчаў сваёй святой, а крыж, які тут захоўвалі да вайны, трымае ў сябе назаўсёды.

Фота БелТА.

← Усе навіны Магілёва