Упершыню ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі падчас святой Імшы, якая адбывалася на “Дажынках” у Шклове, прагучала публічная малітва асабіста за Аляксандра Лукашэнку.
Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі, як піша сайт catholic.by “маліўся за Кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнку, просячы для яго патрэбных ласкаў і Божага благаслаўлення ў служэнні дзеля развіцця краіны, падтрымкі беларускай вёскі і людзей працы”. Гэтая падзея адбылася на абласных Дажынках у Шклове на прайшоўшых выходных.
Акрамя таго, падчас літургіі католікі таксама маліліся за ўсіх, хто адказвае за развіццё магілёўскага рэгіёна і беларускай вёскі: кіраўнікоў раёнаў, кіраўніцтва Магілёўскага гарвыканкама, памочніка беларскага дыктатара – інспектара па Магілёўскай вобласці Надзею Каткавец, старшыню Магілёўскага аблвыканкама Анатолія Ісачанку, па запрашэнні якога біскуп удзельнічаў ва ўрачыстасцях, а таксама ўсіх, хто служыць дабру Магілёўшчыны.
Як піша “Хрысціянская візія: НЕ ВАЙНЕ!”, на гэтай імшы ў Шклове прысутнічала крыху больш за 10 чалавек. Выданне адзначае, што ў Каталіцкім касцёле прынята маліцца агулам за ўладу на святых імшах падчас малітвы. Аднак упершыню такая малітва прагучала асабіста за Лукашэнку і іншых чыноўнікаў.
Фотаздымак: catholic.by
