У ААТ «Фірма «Кадзіна» Магілёўскага раёна ўбіраюць моркву. Паводле слоў начальніцы ўчастка Таццяны Касцючанкі, пад ёй 15 гектараў, скончыць плануюць да 20 кастрычніка.
Камбайнам убяруць толькі каля трох гектараў, дзе расце кароткі сорт. Дапамагаюць гаспадарцы навучэнцы Кадзінскай сярэдняй школы, студэнты МДУ імя Куляшова і работнікі ўстаноў адукацыі Кастрычніцкага і Ленінскага раёнаў Магілёва.
У справаздачы абласной газеты з поля гавораць дзве работніцы дзіцячага садка № 97. Адна з іх тлумачыць, што іх установа заўсёды актыўна ўдзельнічае ў зборы морквы. Куды пойдзе ўраджай, газета расказала на наступны дзень: значная частка гародніны, якую закладваюць у «Кадзіне» на захоўванне, прызначана бюджэтным арганізацыям – дзіцячым садкам Магілёва і Магілёўскага раёна, школам, пансіянатам, каледжам і ліцэям.
Работніцы дзіцячага садка збіраюць моркву, якой узімку будуць карміць дзяцей у дзіцячых садках.
Цікавая дэталь. Моркваўборачная тэхніка ў Беларусі ёсць больш за дзесяць гадоў. У 2015 годзе навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук па механізацыі сельскай гаспадаркі распрацаваў камбайн КТМ-1, які ўбірае за змену паўтара-два гектары. Паводле падлікаў распрацоўшчыкаў, каб уручную ўбраць гектар морквы за дзень, трэба каля 70 чалавек.
Адна такая машына справілася б з усім полем «Кадзіна» за восем-дзесяць змен. Морквеннае поле ў «Кадзіне» пры гэтым скарацілася ўдвая. У 2022 годзе гаспадарка засявала морквай 30 гектараў, цяпер – 15. А на ўборку па-ранейшаму прыязджаюць школьнікі, студэнты і работнікі дзіцячых садкоў.
Фота mogilevnews.by.
