Новус

Пад Магілёвам былы пастаўшчык IKEA будзе адводзіць дажджавую ваду з фармальдэгідам у грунт – ніхто не запярэчыў

Завод «Новус Індустры» ў Вейнянскім сельсавеце, рэзідэнт СЭЗ «Магілёў» і некалі найбуйнейшы пастаўшчык IKEA, будуе новыя ачышчальныя збудаванні для дажджавой і талай вады. 

Гарвыканкам падвёў вынікі абмеркавання праекта: за месяц ніводнай заўвагі. Цяпер гэтая вада з тэрыторыі завода сыходзіць у гарадскую каналізацыю. Пасля ачысткі яе будуць адводзіць у грунт – да 4,8 тысячы кубаметраў за суткі. Адтуль яна трапіць у грунтавыя воды, гэта прама напісана ў справаздачы аб АУНА. 

У вадзе ёсць фармальдэгід і фенолы – след вытворчасці драўняна-стружкавых пліт і мэблі. Новыя ачышчальныя збудаванні з дадатковымі фільтрамі павінны даводзіць іх да нормаў пітной вады. Але разлічаны яны на ваду, у якой фармальдэгіду ў пяць разоў менш, чым яго даходзіла ў сцёках завода паводле замераў водаканала у 2022–2025 гадах. 

Асобнага нарматыву для скіду ў грунт у Беларусі няма – гэта таксама прызнаюць аўтары праекта. Дакументы накіравалі на дзяржаўную экалагічную экспертызу і… Усё добра, цудоўная маркіза!

Фота з адкрытых крыніц

← Усе навіны Магілёва