Жыхары вёсак Зарэсце, Ходнева, Вялікае Бушкова і Малое Бушкова звярнуліся да Лукашэнкі, каб іх пакінулі ў Магілёўскім раёне.
“Звяртаемся да вас з настойлівай просьбай ад імя ўсіх нашых вяскоўцаў. Нас хочуць адлучыць ад Магілёўскага раёна і перадаць у Дрыбінскі раён. Мы катэгарычна супраць гэтага рашэння і просім пакінуць нашу вёску ў складзе Магілёўскага раёна. Зразумейце нашу сітуацыю. У нашых вёсках жывуць практычна адны пенсіянеры, людзей, якія працуюць, у нас літаральна 5%. Нам ужо цяжка пераносіць лішнія паездкі. Магілёў ад нас усяго 25 хвілін язды, а да Дрыбіна больш за гадзіну ў дарозе”, – звярнуліся ў ТікТоку больш дзясятка вяскоўцаў, для якіх узбуйненне Дрыбінскага раёна пагражае вельмі моцна ўдарыць па наладжанаму жыццю.
Пажылыя людзі тлумачаць, што ўсе іх дзеці і ўнукі жывуць і працуюць у Магілёве, якія іх заўсёды сустрэнуць і дапамогуць прыехаць у бальніцу ці аптэку, аформіць разнастайныя дакументы. А ў Дрыбіне ў іх нікога няма.
“Для нас далучэнне да Дрыбіна – гэта як перасяленне ў чужое месца. Гэта рашэнне невыгадна і самой дзяржаве. Далучэнне нашых вёсак да Дрыбінскага раёна – гэта велізарныя лішнія выдаткі, тэхніка, хуткая дапамога, камунальныя службы. Давядзецца ездзіць за дзясяткі кіламетраў, расходаваць дзяржаўнае паліва, бюджэтныя сродкі”, – слушна кажуць вяскоўцы.
Пры гэтым яны адзначаюць, што не выступаюць супраць узбуйнення Дрыбінскага раёна, але просяць зрабіць гэта гібка, як таго дазваляе закон. “Пакінуць нашы вёскі людзям у Магілёўскім раёне. Навакольныя сельгасугоддзі аддаць Дрыбінскому раёну. І эканамічная мэта будзе дасягнутая, і інтарэсы простых людзей не пацерпяць”, – кажуць пажылыя людзі.
Нагадаем, што тэрыторыю Дрыбінскага раёна вырашана павялічыць коштам Магілёўскага, Чавускага і Горацкага раёнаў. Чавускі раён страціць больш за 10 га плошчы, ад Горацкага запланавана адрэзаць 4 778 га, на якіх размешчаны дзве вёскі. Магілёўскі раён вырашана паменшыць на 4 454 га (сем вёсак).
Як раней паведамлялася, напачатку ліпеня пасля некалькіх месяцаў разваг аб вартасці павелічэння тэрыторыі Дрыбінскага раёна, чыноўнікаў зацікавіла меркаванне насельніцтва.
Скрыншот: ТікТок user9920284376126
