казакі

Магілёўскія “казакі” ўступілі ў расійскую парамілітарную арганізацыю

Так званы “Магілёўскі казачы аддзел” уступіў у “Саюз казакоў-воінаў Расіі і замежжа”.

Уступленне магілёўскіх “казакоў” у шэрагі Беларускай казачай абшчыны Саюза казакоў-воінаў Расіі і замежжа адбылося 17 кастрычніка 2026 года пад Мінскам, на тэрыторыі мужчынскага падворка Свята-Елісавецінскага жаночага манастыра. Там адбыўся Круг (сход) гэтай абшчыны.

“На Крузе быў заслуханы зварот казакоў Магілёўскага казачага аддзела аб уступленні іх у склад БКА СКВРіЗ. Агульным рашэннем Круга просьба была задаволена. Прызначаны наказны атаман Магілёўскага аддзела БКА СКВРіЗ”, – паведамляе расійская казачая парамілітарная арганізацыя. 

Варта адзначыць, што Саюз казакоў-воінаў Расіі і замежжа і словам, і справай падтрымлівае расійскую агрэсію на Украіну. Напрыклад, не толькі збірае гуманітарную дапамогу для расійскіх акупантаў ці будаўнічыя матэрыялы для пунктаў дыслакацыі, але і набірае наймітаў для адпраўкі ў зону баявых дзеянняў на баку краіны-агрэсара.

Актыўнае спрыянне развіццю так званага казацкага руху на Магілёўшчыне аказваюць прадстаўніцтва Рассупрацоўніцтва ў Рэспубліцы Беларусь, Цэнтра міжнароднага супрацоўніцтва Смаленскай вобласці пры ўдзеле аддзялення амбасады Расіі ў Магілёве. 

Так, 1 кастрычніка 2026 года ў Цэнтральнай гарадской бібліятэцы ім. К. Маркса ў Магілёве адбыўся тэлемост “Казачае адзінства”. Ён аб’яднаў прадстаўнікоў казацтва, даследчыкаў і спецыялістаў з Беларусі і Расіі. У мерапрыемстве прыняў удзел кіраўнік аддзялення амбасады Расіі ў Магілёве Уладзіслаў Дэйнэга. У мінулым ён быў у кіраўніцтве так званай “ЛНР”. У 2017 годзе Дэйнэга прызначылі “міністрам замежных спраў ЛНР”.

Фотаздымак: “Саюз казакоў-воінаў Расіі і замежжа”

← Усе навіны Магілёва