На ўездзе на тэрыторыю калоніі №15 у Магілёве у вадзіцеля грузавіка ахова выняла мабільныя тэлефоны, SІМ-карты, грошы і іншыя забароненыя рэчы.
Вадзіцель грузавіка МАЗ, які прыехаў на тэрыторыю калоніі, вырашыў не пакідаць свае каштоўнасці ў камеры захоўвання. У выніку яго асабістыя рэчы сталі прадметам асаблівай увагі вайскоўцаў унутраных войскаў.
На кантрольна-прапускным пункце аўтамабіль МАЗ, які ўязджаў у калонію па пропуску, агледзеў вартавы. У кабіне грузавіка ён знайшоў схаваныя два мабільныя тэлефоны — iPhone 15 і Honor з SIM-картамі, больш за дзевяць тысяч рублёў, партатыўны акумулятар, зарадную прыладу і флэшку.
Перад уездам вадзіцеля папярэдзілі, якія рэчы забаронена правозіць на тэрыторыю калоніі. Мужчына запэўніў, што ўсё забароненае ўжо выклаў.
Паводле вартавога, падчас агляду мужчына паводзіў сябе спакойна і не нерваваўся. Калі ж схованку выявілі, патлумачыў, што ўсе рэчы належаць яму асабіста і нікому ў калоніі не прызначаліся. Проста пабаяўся пакідаць дарагія тэлефоны і грошы ў камеры захоўвання, бо перажываў за іх захаванасць.
Ці сапраўды вадзіцель хацеў толькі зберагчы ўласную маёмасць, з паведамлення БелТА не вынікае. Звестак пра тое, што рэчы прызначаліся зняволеным, таксама не прыводзіцца. Ці будуць прыцягваць вадзіцеля да адказнасці,не паведамляецца.
Фотаздыма: Belapa
