стадыён

На стадыёне ЗШВ у Магілёве хочуць паставіць дом, які ўжо прапаноўвалі на Першамайскай

Магілёўскі гарвыканкам вынес на абмеркаванне дзесяціпавярховы дом на 79 кватэр на частцы тэрыторыі стадыёна ЗІВ – у раёне дома № 10 на вуліцы Раманава, уздоўж Чырвонага Флоту. Заказчык – гарадское ўпраўленне капітальнага будаўніцтва.

Гэты дом гораду ўжо знаёмы. У сакавіку 2025 года той жа заказчык выносіў на абмеркаванне двухсекцыйны дзесяціпавярховы дом на 79 кватэр каля ясляў-сада № 107 на Першамайскай, 143.

Супадае ўсё да сотай квадратнага метра: 30 аднапакаёвых, 38 двухпакаёвых, 11 трохпакаёвых кватэр агульнай плошчай 4 566,99 квадратнага метра. Нават прэзентацыю праекта і тады, і цяпер прызначылі на 14:10.

Дзеля новабудоўлі на стадыёне разбяруць стаянку на 16 месцаў, у тым ліку для двух аўтобусаў, а потым адновяць. Яшчэ 83 машына-месцы абсталююць непасрэдна на стадыёне, 41 – уздоўж вуліцы Чарняхоўскага. Дрэвы, якія трапяць пад дом і інжынерныя сеткі, знясуць.

Абмеркаванне працягнецца да 6 лістапада. Прэзентацыя пройдзе 28 кастрычніка ў 14:10 у будынку гарвыканкама на Першамайскай.

Тыпавы дом падбірае сабе месца па горадзе: паўтара года таму дзеля яго мянялі прызначэнне участка пад сядзібнай забудовай, цяпер месца яму саступае стадыён.

Фота Магілёўскі гарвыканкам.

← Усе навіны Магілёва