Нечалавечыя ўмовы, якія ствараюць у калоніях Беларусі для палітвязняў, наўпрост адбіваюцца на здароўі. Пра гэта сведчыць гісторыя былога палітзняволенага з Магілёва.
Магілёвец, які атрымаў чатыры гады калоніі за каментары ў інтэрнэце, выйшаў на волю з хваробай скуры, наступствы якой адчувае дагэтуль. Паводле яго, кантактны дэрматыт развіўся на фоне моцнага стрэсу, пагроз з боку следства і ўмоў утрымання за кратамі. Сваю гісторыю былы палітвязень, які цяпер знаходзіцца за мяжой, распавёў Праваабарончаму цэнтру “Вясна” на ўмовах ананімнасці.
Чатыры гады калоніі за каментары
Да падзей 2020 года мужчына працаваў у Расіі, дзе зарабляў значна больш, чым мог атрымаць у Беларусі. За так званымі прэзідэнцкімі выбарамі і пратэстамі на радзіме сачыў праз інтэрнэт.
Абураны затрыманнямі апанентаў Лукашэнкі і гвалтам пасля выбараў, ён пачаў пакідаць у сацыяльных сетках і тэлеграме рэзкія каментары. Пры гэтым не хаваў сваёй асобы і нават не выдаляў напісанага. «Верыў да апошняга, што гэта проста выказванне сваіх думак», – згадвае магілёвец.
Аднак у верасні 2023 года па яго прыйшлі супрацоўнікі ГУБАЗіКа. У крымінальнай справе аказаліся сотні інтэрнэт-каментароў. Паводле мужчыны, некалькі абвінавачанняў яму прад’явілі нават за цытаванне верша Дзяніса Дудзінскага «Чым пахне Беларусь».
У выніку пасля закрытых судовых пасяджэнняў магілёўцу прызначылі чатыры гады пазбаўлення волі і буйны штраф.
Халодны ізалятар і хвароба на фоне стрэсу
Першыя два тыдні пасля затрымання мужчына правёў у ізалятары часовага ўтрымання. Паводле яго, палітычных вязняў прымушалі спаць на верхніх ярусах без матрацаў, на голым метале. У перапоўненых камерах было холадна, удзень забіралі курткі, а ежа была настолькі дрэннай, што даводзілася перабівацца хлебам і гарбатай. На праверкі людзей выводзілі ў кайданках, сагнутымі ў так званай позе «ластаўкі».
Пасля пераводу ў СІЗА бытавыя ўмовы крыху палепшыліся, але праблемы са здароўем толькі пачыналіся. «На фоне пачварнага стрэсу і пагроз ад следчага пра двухзначны тэрмін у мяне пачаўся кантактны дэрматыт», – расказвае былы палітвязень.
Асаблівай дапамогі ад турэмнай медыцыны ён не атрымаў. Мужчына згадвае выпадак, калі чацвярым вязням з высокай тэмпературай медык выдаў адну таблетку парацэтамолу на ўсіх.
Ад захворвання скуры яго ратавалі пераважна мазі і лекі, якія змаглі перадаць родныя. Аднак цалкам пазбавіцца наступстваў хваробы не ўдалося нават пасля вызвалення. Былы палітвязень кажа, што дагэтуль прымае антыгістамінныя прэпараты і наведвае псіхолага.
Даводзілася змагацца нават за душ
Пасля апеляцыі восенню 2024 года магілёўца этапавалі ў наваполацкую калонію №1. Там яго паставілі на прафілактычны ўлік як палітычнага вязня і выдалі жоўтую бірку. Паводле мужчыны, у калоніі палітвязні сутыкаліся з дадатковымі абмежаваннямі. Нават магчымасць памыцца пасля працы ператваралася ў выпрабаванне.
На прамысловай зоне душ быў, але першымі туды ішлі звычайныя зняволеныя. Палітычныя мусілі спачатку прайсці абавязковую праверку, а потым спрабаваць паспець памыцца ў брудных і цёмных душавых. «Але я са сваім дэрматытам хадзіў штодня», – адзначае былы вязень.
Працоўныя будні таксама мелі свае асаблівасці. Мужчына сартаваў уручную поліэтыленавыя гранулы, аддзяляючы чорныя, шэрыя і белыя. Калі працы не было, усё адно патрабавалася рабіць выгляд, што заняты. Дастаткова было трымаць у руках мятлу ці іншы інструмент, каб пазбегнуць прэтэнзій адміністрацыі.
Трыццаць сутак у халодным ШІЗА
Адным з самых цяжкіх выпрабаванняў для магілёўца сталі 30 сутак у штрафным ізалятары. Паводле яго, у памяшканні з кафлянай падлогай і адчыненым акном было настолькі холадна, што ноччу ён прачынаўся ад сутаргаў. Каб сагрэцца, даводзілася прысядаць і адціскацца, пасля чаго зноў спрабаваць заснуць.
Удзень нары прышпільвалі да сцяны, таму адпачываць можна было толькі седзячы. «Памерці не дадуць, кожны дзень прыходзіць лекар, але толькі каб падтрымаць жыццё», – так апісвае мужчына медыцынскі нагляд у штрафным ізалятары. Не менш цяжкай за холад была поўная ізаляцыя ад родных.
Менавіта пасля ШІЗА, кажа былы палітвязень, у яго засталася звычка пастаянна хадзіць з боку ў бок, калі нервуецца або чагосьці чакае.
Хоць цяпер магілёвец знаходзіцца на волі за межамі Беларусі, але турэмнае зняволенне для яго не скончылася ў дзень вызвалення. Засталіся хвароба скуры, неабходнасць лячэння і псіхалагічныя наступствы перажытага.
Фотаздымак: “Беларуская турма” “ВКонтакте”
