ратавальнікі

У Бабруйску выратавальную станцыю ставяць на будаўнічае смецце

Падмурак новай выратавальнай станцыі на Бярэзіне ў Бабруйску будзе стаяць на будаўнічым смецці. Як доўга – невядома.

Напрыканцы жніўня 2026 года, калі купальны сезон ўжо амаль скончыўся, стары будынак выратавальнай станцыі на вуліцы Берагавой знеслі. Тлумачылася гэта тым, што пабудаваны яшчэ ў 1956 годзе, ён стаў трухлявым. 

Замест яго ў распараджэнне ратавальнікаў павінен паступіць сучасны модульны будынак, агульнай плошчай 72 м2. Модульны – гэта азначае, што сабраны па прынцыпе канструктара. 

Разам з тым, нават такі будынак мусіць стаяць на трывалым падмурку. Аднак не ў выпадку з новай выратавальнай станцыяй. Пад яе фундамент залілі на гары будаўнічага смецця – бута з пяском. Прычым займаліся заліўкай бетона самі ратавальнікі. Натуральна, што веснавая вада ў хуткім часе размые такія падмуркі, і будынак, якім бы модульным ён не быў, стане непрыдатным для выкарыстання.

Больш за тое, гледзячы на фундамент, немагчыма ўбачыць, якім чынам збіраюцца падводзіць у будучы дом камунікацыі – ацяпленне, вадаправод, каналізацыю.

Яшчэ напачатку верасня паведамлялася, што модульны будынак, з Барысава, дзе ён знаходзіўся, у хуткім часе павінен быў пераехаць у Бабруйск. Аднак, як сведчаць мясцовыя жыхары, на двары канец кастрычніка, а ратавальнікі па-ранейшаму туляцца ў будаўнічым вагончыку. І пакуль, дзе яны будуць дыслакавацца зімой – невядома.

Скриншот: ТГ “Беларусь за МКАДам”

← Усе навіны Магілёва