СЭЗ

Таемны кітайскі інвестар прыйшоў у СЭЗ “Магілёў”

Рэзідэнтам свабоднай эканамічнай зоны “Магілёў” стала нейкая кітайская кампанія, якая збіраецца занімацца вырабам аўтамабільных кампанентаў.

Пра з’яўленне новага рэзідэнта агенцтва “БелТА” піша са спасылкай уласна на СЭЗ “Магілёў”. Нягледзячы, што гэтая кампанія стала там першай з Кітая, яе назву ў паведамленні чамусьці не раскрываюць. Пры гэтым кажуць, што яна стала 60-ым рэзідэнтам у магілёўскай СЭЗ. Праўда, на сайце свабоднай эканамічнай зоны па-ранейшаму 59 кампаній і ніводнай з кітайскім капіталам.

Паводле паведамлення, новы рэзідэнт будзе займацца вытворчасцю аўтамабільных кампанентаў. Плануецца выпускаць электронныя тармазныя сістэмы (EBS/EMB), прызначаныя для кіравання тармажэннем аўтамабіля, а таксама сістэмы нейтралізацыі адпрацаваных газаў (SCR/DPF/GPF). 

Сцвярджаецца, што новая вытворчасць забяспечыць стварэнне новых працоўных месцаў. 

Фотаздымак з адкрытых крыніц

← Усе навіны Магілёва