махляры

Малады асіпаўчанін аддаў махлярам 76 тысяч рублёў, якія сабрала яго маці

22-гадовы жыхар Асіповічаў паверыў тэлефонным махлярам настолькі, што перадаў ім каля 76 тыс. рублёў, якія захоўвала дома яго маці. 

Пачалося ўсё ў кастрычніку са званка ў адным з месенджараў. Суразмоўца назваўся супрацоўнікам мабільнага аператара А1 і папрасіў паведаміць код з SMS. Неўзабаве маладому чалавеку патэлефанаваў ужо нібыта прадстаўнік Дэпартамента фінансавых расследаванняў. Ён напалохаў асіпаўчаніна магчымай крымінальнай справай і прапанаваў спосаб пазбегнуць непрыемнасцяў – «задэклараваць» усе наяўныя грошы. Для гэтага зберажэнні патрабавалася перадаць кур’еру.

Паводле Следчага камітэта, хлопец сабраў грошы маці, якія захоўваліся ў кватэры ў розных валютах. У пераліку на беларускія рублі атрымалася каля 76 тысяч. Усю суму ён склаў у поліэтыленавы пакет і пакінуў на ручцы ўваходных дзвярэй аднаго з пад’ездаў шматкватэрнага дома. Адтуль пакет і забралі.

Але махлярам гэтага падалося мала. Яны пачалі пераконваць хлопца, што трэба «задэклараваць» яшчэ і бацькавы грошы. На працягу ўсяго дня злачынцы падтрымлівалі з ім сувязь і псіхалагічна ціснулі. Малады чалавек нават паехаў да бацькі, аднак зберажэнняў там не знайшоў.

Пра знікненне грошай першай даведалася маці. Высветліўшы, куды сын падзеў яе назапашванні, жанчына звярнулася ў міліцыю.

Праваахоўнікі ўстанавілі, што пакет забраў 19-гадовы жыхар Лагойска. Як аказалася, ён таксама трапіў пад уплыў кібермахляроў, якія выкарысталі падобную схему падману. Юнак перавёз грошы ў Мінскую вобласць і пакінуў іх у тайніку.

Следчы камітэт распачаў крымінальную справу па факце махлярства ў асабліва буйным памеры.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

← Усе навіны Магілёва