ЧэрнеўкаАгра

Новы МАЗ для неплацежаздольнай гаспадаркі: пра што дрыбінская раёнка не расказала ў матэрыяле пра «ЧэрнеўкаАгра»

Для дрыбінскага ААТ «ЧерневкаАгро» купілі дваццацітонны МАЗ. Друкаваны орган мясцовай улады назваў пакупку «сапраўднай падзеяй» і «стратэгічным крокам».

Вельмі можа быць. Бо «ЧэрнеўкаАгра» ўжо дзесяць гадоў значыцца ў дзяржаўных спісах праблемных гаспадарак. У кастрычніку 2016 года Савет Міністраў уключыў яго ў пералік сельскагаспадарчых арганізацый, якія падлягаюць дасудоваму аздараўленню. Побач у тым жа пераліку – «Дрыбін-Агра», «Михееўка-Агра», «Пудоўня-агра» і «Трылесіна-агра».

У 2021 годзе да «ЧэрнеўкаАгра» далучылі «Пудоўня-агра» – паводле ўказа аб фінансавым аздараўленні сельскагаспадарчых арганізацый. Гаспадарка ў Пудоўні з 2019 года лічылася неплацежаздольнай.

У табліцы далучэнняў «ЧэрнеўкаАгра» значыцца арганізацыяй-інвестарам. Аднак паводле рашэння аблвыканкама ад 28 чэрвеня 2021 года № 3-61 сама «ЧэрнеўкаАгра» унесена ў пералік неплацежаздольных сельскагаспадарчых арганізацый, якія падлягаюць фінансаваму аздараўленню ў 2021–2030 гадах.

У жніўні таго ж года ў рэестр паступілі звесткі органаў прымусовага выканання пра запазычанасць гаспадаркі.

Частка маёмасці гаспадаркі ўжо працуе на іншых. Каля Пудоўні на месцы старых вытворчых і складскіх памяшканняў «ЧэрнеўкаАгра» пабудаваны комплекс па развядзенні племянной мясной жывёлы, і кіруе ім абласное дзяржаўнае племянное прадпрыемства. Двухпавярховы адміністрацыйны будынак гаспадаркі ў аграгарадку Расна прапануюць на продаж або ў арэнду.

На якія грошы купілі МАЗ – за ўласныя сродкі гаспадаркі, у крэдыт ці ў лізінг, невядома.

Фота: «Савецкая вёска».

← Усе навіны Магілёва