Айсберг

Для будоўлі ў пойме Дняпра ў Магілёве ўзровень зямлі падымуць на два метры

Магілёўскі гарвыканкам падвёў вынікі абмеркавання «25-й чаргі» ўнутрыгарадской кальцавой дарогі каля вуліц Падгорнай, Бетховена і Ламаносава. Заўваг не паступіла, камісія аднагалосна рэкамендавала праект для правядзення экспертыз.

У пратаколе галоўная вуліца названая асноўнай вуліцай мясцовага значэння для пешаходаў і жыхароў жылога квартала: чатыры паласы, праезная частка шырынёй 14 метраў, плюс двухпалосны з’езд з вуліцы Каралёва. У лютым той жа ўчастак абмяркоўвалі як «інжынерна-транспартную інфраструктуру квартала індывідуальнай жылой забудовы».

У канцы гэтай вуліцы будзе не прыватны сектар. Побач у пойме Дняпра ўжо будуюць шматфункцыянальны комплекс «Айсберг». Заказчык – Магілёўскае абласное ўпраўленне капітальнага будаўніцтва, генеральны праекціроўшчык – інстытут «Могилевгражданпроект», пад будоўлю адведзена больш за шэсць гектараў.

Там будуць лядовая арэна на 5300 гледачоў (цяперашні Палац спорту змяшчае 3048), аквапарк на 1100 наведвальнікаў і наземная паркоўка на 1350 машын. Да комплексу падвядуць новую чатырохпалосную магістраль ад вуліцы Каралёва – паводле апісання, гэта тая самая вуліца, якую гарвыканкам двойчы выносіў на абмеркаванне.

Комплекс абыдзецца больш як у 335 мільёнаў рублёў з абласнога бюджэту: амаль 123 мільёны на арэну і 205 мільёнаў на аквапарк.

Каб узвесці будынкі на забалочанай пойме, якую ўвесну падтапляе, узровень зямлі на ўсім участку падымуць амаль на два метры насыпам з бетоннымі адхонамі. Участак рыхтуюць са снежня 2025 года – раней, чым гарвыканкам пачаў абмяркоўваць дарогу да яго.

Магістраль на гэтым не заканчваецца. Яе збіраюцца працягнуць праз Дэбру да завулка Сялянскага за Свята-Мікольскім манастыром.

Паводле праекта зон аховы 2019 года, там зона аховы ландшафту, дзе пракладваць новыя транспартныя камунікацыі забаронена. У сакавіку 2026 года Міністэрства культуры змяніла праект і асобна дазволіла працягнуць завулак Сялянскі ў паўднёва-ўсходнім кірунку.

Жыллё ў пойме таксама запланаванае: яшчэ ў 2023 годзе гарвыканкам выносіў на абмеркаванне дэталёвы план квартала на 19 гектараў каля Падгорнай – 12 дамоў у тры-пяць паверхаў і 27 участкаў пад сядзібы.

Пры гэтым паводле генеральнага плана Магілёва тэрыторыя, праз якую пройдзе новая вуліца, аднесена да рэкрэацыйных зон з азеляненнем агульнага карыстання і знаходзіцца ў водаахоўнай зоне і трэцім поясе санітарнай аховы водазабору.

Фота: скрыншот пратакола Магілёўскага гарвыканкама.

← Усе навіны Магілёва