Фацінскі мост

У Магілёве адкрылі цалкам пераход на скрыжаванні праспекта Міру і Першамайскай і адрамантавалі «новы» мост

У падземным пераходзе на скрыжаванні праспекта Міру і Першамайскай у Магілёве скончылі мяняць плітку – усе ўваходы зноў адкрытыя.

Работы пачаліся ў сярэдзіне верасня і ішлі па частках: унутры агароджвалі ўчасткі, а ўваходы перакрывалі то з боку праспекта, то з боку Першамайскай.

Сам пераход увесь гэты час працаваў. Скончыць укладку планавалі да 1 лістапада.

Прычыну рамонту ведае кожны, хто ходзіць гэтай дарогай зімой: ад расталага снегу старая падлога станавілася слізкай, і скардзіліся на гэта некалькі гадоў запар. Да вясны на падлозе не хапала цэлых кавалкаў керамаграніту.

Новая плітка таўсцейшая за ранейшую і шурпатая. Люкі з камунікацыямі закрылі здымнымі плітамі, і яны больш не вылучаюцца на падлозе.

Да канца кастрычніка ў Магілёве ліквідавалі і яшчэ адну задаўненую праблему. На мосце па вуліцы Каралёва з боку Юбілейнага адхон, пліты якога ў жніўні пасля ліўняў спаўзлі ў пясок, прывялі ў парадак. Пліты, якія спаўзлі, на месца не вярнулі: размытыя ўчасткі залілі бетонам са шчэбнем і з яго ж зрабілі водаадводы.

Фота з адкрытых крыніц.

← Усе навіны Магілёва