Каталіцкі Касцёл у Беларусі 27 кастрычніка далучыўся да малітоўнай ініцыятывы Папы Льва XIV аб спыненні войнаў, узгадаўшы ўпершыню за чатыры гады вайну ва Украіне.
“Падчас гаміліі біскуп Аляксандр Яшэўскі звярнуў увагу на асаблівы боль, які выклікае вайна паміж суседнімі Украінай і Расіяй. Ён нагадаў пра людзей, якія гінуць, пра разбураныя гарады і вёскі, разлучаныя сем’і, дзяцей, якія растуць пад гукі паветраных трывог, і тых, хто вымушаны пакідаць родныя мясціны”, – піша сайт Мiнска-Магiлёўскай архiдыяцэзiі.
Біскуп падкрэсліў, што «за кожнай навіной пра абстрэл і баявыя дзеянні стаяць чалавечыя жыцці, чыесьці маці і бацькі, сыны і дочкі, мужы і жонкі, чые мары і надзеі разбураюцца вайной. Для беларусаў гэтая трагедыя асабліва балючая, бо Украіна і Расія – нашы суседзі, з якімі нас звязваюць шматлікія чалавечыя, сямейныя і культурныя сувязі».
Цікава, што ў Магілёве ў супольнай малітве ў касцёле Святога Станісава ўдзельнічалі прадстаўнікі мясцовага аддзялення праўладнага «Беларускага фонду міру», што «падкрэсліла значнасць агульнай адказнасці за захаванне міру ў грамадстве».
Паводле назірання «Хрысціянскай візіі», упершыню з 2022 году беларускія біскупы публічна ўзгадалі падчас гамілій вайну Расіі супраць Украіны. Папярэдні раз, у жніўні 2025 года, у дзень малітвы і посце аб міры, у анонсах і справаздачах гучалі фармулёўкі аб «міры ва ўсім свеце» без узгадак Украіны.
Фотаздымак: catholic.by
