Палігон Амхавая

На звалцы смецця пад Магілёвам выявілі экалагічныя парушэнні

На палігоне адходаў Магілёўскага спецыялізаванага аўтапрадпрыемства прыродаахоўнікі паўторна знайшлі выяўленыя раней парушэнні.

Гэты палігон знаходзіцца каля вёскі Амхавая, што паблізу Магілёва. Там, як раней выявілі спецыялісты інспекцыі прыродных рэсурсаў і ахове навакольнага асяроддзя, не паўсюдна былі праведзены працы па перакрыцці ўшчыльнёнага слою адходаў ізалюючым матэрыялам. На гэта было ўказана кіраўніцтву аб’екта.

Аднак, калі па прашэсці некаторага часу правяраючыя зноў прыйшлі на палігон, то ўбачылі, што не ўсе запатрабаваныя працы былі праведзены. Такім чынам парушэнне не было ліквідавана і засталася пагроза экалагічнага забруджвання. Ізаляцыя, у сваю чаргу, перашкаджае дажджавой і адталай вадзе прасочвацца скрозь смецце і не дае забруджваць глебу і грунтовыя воды. 

У выніку прыродаахоўная інспекцыя ўзбудзіла адміністрацыйную справу па ч. 3 арт. 16.44 КаАП РБ, якая датычыцца парушэння патрабавання заканадаўства пры абыходжанні з адходамі. Справа тычыцца як службовай асобы, так і уласна спецаўтапрадпрыемства, як юрыдычнай асобы. Фізічнай асобе пагражае штраф да 30 базавых велічынь, а юрыдычнай – да 1000.

Фотаздымак: ТГ “Магілёўпрырода”

← Усе навіны Магілёва