Цырымонія закладкі капсулы часу адбылася на будаўнічай пляцоўцы, дзе павінен паўстаць новы будынак бабруйскага суда.
Новы будынак мусіць паўстаць на месцы былой бабруйскай АТС па вуліцы Кастрычніцкай. Восенню мінулага года трохпавярховае збудаванне тэлефоннай станцыі знеслі. Да свайго 40-годдзя яно не дажыло ўсяго адзін год.
Новы будынак збіраліся пачаць будаваць у першай палове бягучага года. Ну а капсулу часу заклалі толькі цяпер.
“Закладваючы капсулу часу, мы працягваем добрую традыцыю, якая аб’ядноўвае пакаленні юрыстаў. Яна будзе нагадваць пра галоўны прынцып нашай працы – служэнні закону. Закон адзіны для ўсіх, а справядлівасць незаменная. Мы ўпэўненыя, што ў новым будынку будуць працаваць прафесіяналы, таленавітыя спецыялісты, якія будуць забяспечваць вяршэнства закона, а сам будынак будзе служыць людзям і дзяржаве” – заявіла прыехаўшая ў Бабруйск з такой нагоды намеснік старшыні Вярхоўнага Суда Ірына Тылец.
Капсулу збіраюцца дастаць праз трыццаць гадоў – у 2056 годзе. Тады суду Бабруйска і Бабруйскага раёна павінна споўніцца 50 гадоў. Увогуле цяперашнія ўрачыстасці ў горадзе на Бярэзіне адбываліся з прычыны таго, што 20 гадоў таму гэты суд быў створаны шляхам аб’яднання судоў Ленінскага і Першамайскага раёнаў Бабруйска, а таксама Бабруйскага раённага суда.
Як сцвярджаецца, праект новага будынка прадугледжвае забеспячэнне сучасных умоў для ажыццяўлення правасуддзя, аснашчэнне будынка суда сістэмамі аўдыё- і відэафіксацыі ходу судовых пасяджэнняў, а таксама сістэмамі відэа-канферэнц-сувязі, якія забяспечваюць правядзенне судовых пасяджэнняў у дыстанцыйным фармаце. Цікава, дзякуючы такім опцыям, ці змогуць у сваіх працэсах паўдзельнічаць дыстанцыйна тыя бабруйчане, якія з-за палітычнага пераследу былі вымушаны пакінуць родны горад і пасяліцца за мяжой?
Фотаздымак: Вярхоўны суд РБ
