Каля 60% жыхароў Магілёўшчыны не супраць будаўніцтва сховішча ядзерных адходаў у сваім рэгіёне, заявіў дырэктар прадпрыемства БелРАА («Беларуская арганізацыя па абыходжанні з радыеактыўнымі адходамі») Дзмітрый Логвін.
Дырэктар у эфіры СТБ агучваў вынікі нейкага апытання, не паведаміўшы, калі і кім яно было праведзена. З гэтага выглядае, што яго сцвярджэнні носяць галаслоўны характар.
Як раней паведамлялася, месцам размяшчэння ядзернага магільніка можа быць Мсціслаўскі раён. Цяпер магчымы выбар такой пляцоўкі абгрунтоўваюць будаўніцтвам паблізу на Магілёўшчыне другой беларускай электрастанцыі, планы аб чым выношвае цяперашняя ўлада.
Два іншых месца для ядзернага магільніка: Гродзенская вобласць побач з БелАЭС і тэрыторыя Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка на Гомельшчыне.
Таксама са слоў Логвіна стала вядома, што канчатковы выбар пляцоўкі плануюць зрабіць да канца 2026-2027 года. Затым пачнецца праектаванне і будаўніцтва, якое можа стартаваць ужо ў 2028 годзе.
Скрыншот СТБ
