Дедуль

Вырасла імавернасць будаўніцтва ядзернага магільніка на ўсходзе Беларусі

Чыноўнікі бачаць усё больш мэтазгодным размяшчэнне ядзернага магільніка падалей ад існуючай Беларускай АЭС.

“Дапусцім, калі размясціць яго побач з атамнай станцыяй, то ў выпадку нейкай гіпатэтычнай падзеі на станцыі яна можа паўплываць на бяспеку працы пункта пахавання, дзе мы плануем у тым ліку размяшчаць і так званыя аварыйныя радыеактыўныя адкіды” – цытуе першага намесніка начальніка Дзяржатамнагляду Леаніда Дзедуля БелТА.

З гэтага вынікае, што пры сур’ёзнай аварыі на АЭС будзе небяспечным абслугоўванне магільніка, калі ён размешчаны непадалёк ад яе. Такім чынам, з трох разглядаемых патэнцыяльных пляцовак будаўніцтва вырастаюць шанцы з’яўлення ядзернага магільніка ў Мсціслаўскім раёне Магілёўшчыны і Хойнікскім раёне Гомельшчыны. Астравецкі раён, дзе знаходзіцца БелАЭС, бачыццца менш прыярытэтным для такога аб’екта.

Паводле былога дырэктара прадпрыемства БелРАА («Беларуская арганізацыя па абыходжанні з радыеактыўнымі адходамі») Дзмітрыя Логвіна, каля 60% жыхароў Магілёўшчыны не супраць будаўніцтва сховішча ядзерных адходаў у сваім рэгіёне.

Канчатковы выбар пляцоўкі плануюць зрабіць да канца 2026-2027 года. Затым пачнецца праектаванне і будаўніцтва, якое можа стартаваць ужо ў 2028 годзе.

Фотаздымак: БелТА

← Усе навіны Магілёва