Замест таго, каб перагружаць цэнтральную плошчу Быхава помнікамі, улады маглі б вырашыць пытанне з арганізацыяй пляжа ў горадзе, які стаіць на Дняпры.
Быхаўская раённая газета апублікавала спіс афіцыйна дазволеных месцаў для купання ў Быхаўскім раёне. Гэта навіна сама па сабе добрая: купальны сезон адкрыты, вадаёмы названыя, дно, як паведамляецца, абследавана і ачышчана. Але ў спісе зноў бачная старая праблема – у самога Быхава, горада на Дняпры, няма паўнавартаснага гарадскога пляжа на гэтай рацэ.
Згодна з публікацыяй, на тэрыторыі раёна вызначаны пяць аб’ектаў, дзе арганізавана купанне:
- «Возера № 86», размешчанае ў 3,1 кіламетра на ўсход ад Быхава;
- возера ва ўрочышчы «Дубкі», у 2,5 кіламетра на паўднёвы ўсход ад Быхава;
- сажалка па вуліцы Меліяратараў у Быхаве;
- месца адпачынку на Чыгірынскім вадасховішчы, у 0,18 кіламетра на захад ад вёскі Кароткія;
- акваторыя ракі Дняпро, якая прымыкае да пляжа на паўночны ўсход ад аграгарадка Новы Быхаў.
Фармальна Дняпро ў пераліку ёсць. Але гэта не гарадскі пляж Быхава, а ўчасткі ў чорта на кулічках.
Для жыхароў райцэнтра розніца прынцыповая: горад стаіць каля ракі, але афіцыйнае месца для купання на Дняпры знаходзіцца не каля горада. Сто восемдзесят метраў ад вёскі Кароткія – добра. Ведаць бы толькі дзе гэтая вёска і колькі да яе піліць.
Пляж быў, але чыноўнікі яго наўмысна згубілі
Пляж у Быхаве быў. Ён знаходзіўся прыкладна ў кіламетры ад ускраіны Быхава. Там быў і белы пясок, і кабінкі для пераапранання. Потым месца для адпачынку перанеслі ў Дубкі.
Для сям’і з дзецьмі, пажылога чалавека або чалавека без аўтамабіля паездка ў Дубкі – гэта ўжо не прагулка да вады, а асобная лагістыка. Затое для начальніка з казённай машынай – усё проста. Ды і гараджан, якія будуць назіраць за купаннем чыноўніка ў Дубках менш.
Чым было матывавана жаданне быхаўскіх уладаў закрыць гарадскі пляж, можна толькі здагадвацца. Можа, у кагосьці дача была бліжэй да Дубкоў, чым да горада?
Помнікі знаходзяцца хутчэй, чым пляж
На гэтым фоне асабліва заўважныя гарадскія прыярытэты. Напрыклад,у раёне Кастрычніцкай плошчы помнікаў стала настолькі шмат, што яны ўжо пачынаюць спрачацца адзін з адным за прастору. А калі прыгледзецца, за новымі аб’ектамі бачныя разбураны замак і сінагога без даху.
Асобны прыклад – памятны знак памежнікам усіх пакаленняў, урачыста адкрыты ў Быхаве ў 2022 годзе. і гэта пры тым, што Быхаў ні з адной краінай не мяжуе. Тут усё прасцей: кіраўніцтва горада доўга займалася помнікамі на Кастрычніцкай плошчы, таму што яна знаходзіцца каля ўезду і адразу трапляецца на вочы прыезджаму начальству.
Варта было б спытаць у жыхароў
Гісторыя з пляжам як раз той выпадак, калі райвыканкаму варта было б пачаць не з чарговай справаздачы, а з адкрытай размовы. Напрыклад, правесці апытанне жыхароў Быхава: ці патрэбны гораду пляж на Дняпры, дзе ён павінен быць, якім павінен быць пад’езд, ці патрэбныя кабінкі, ратавальны пост, урны, асвятленне і нармальная дарога.
Такая размова была б карысней, чым чарговая паказушная ініцыятыва. Таму што пляж – гэта не дэкор. Гэта бяспека, даступнасць і простае права быхаўчан карыстацца ракой, побач з якой яны жывуць. Калі афіцыйнага месца няма, людзі ўсё роўна ідуць да вады, але ўжо на стыхійныя спускі, дзе няма праверанага дна, ратавальнікаў і зразумелых межаў купання.
Улады рэгулярна нагадваюць пра правілы бяспекі на вадзе, але бяспеку нельга звесці толькі да забаронаў. Яна пачынаецца з інфраструктуры: з нармальнага спуску да вады, абследаванага дна, абсталяванай зоны адпачынку і зразумелай адказнасці службаў.
Калі пляж быў, лагічна спытаць, як і чаму яго выключылі з гарадскога жыцця. Калі месца каля Дняпра нельга выкарыстоўваць па санітарных, экалагічных або іншых прычынах, гэта таксама трэба растлумачыць людзям. А калі прычына толькі ў асабістых матывах чарговага прызначэнца Лукашэнкі, то прычым тут горад? Феадальныя надзелы ў законах Беларусі пакуль не замацаваныя юрыдычна.
Фота з адкрытых крыніц.
