Кіраўнік праўладнай Камуністычнай партыі Беларусі Сяргей Сыранкоў выкарыстаў царкву для ўласнага піяру.
Сыранкоў, як нядаўна прызначаны сенатар, прыехаў ва Успенскую царкву ў Краснаполлі, каб, як падае раённая газета “Чырвоны сцяг. Краснаполле”, абмеркаваць з пробашчам парафіі, іерэем Мікалаем Ляшкевічам, сацыяльнае служэнне і традыцыйную дабрачынную акцыю да новага навучальнага года.
Паводле газеты, дапамогу да 1 верасня атрымаў 31 дзіцёнак. У яе ўваходзіць – ранцы, канцэлярскія праналежнасці, адзенне і абутак. Якім чынам былі вылучаны тыя, хто меў патрэбу ў такой дапамозе, газета не раскрывае. Аднак гэта, пэўна, не самае галоўнае. Бо найважнейшым з’яўляецца піяр кіраўніка КПБ, які тым больш родам з Краснаполля.
“Сяргей Сыранкоў, айцец Мікалай і прадстаўнікі мясцовай улады наведалі сем’і, пагутарылі з бацькамі і ўручылі падарункі”, – распавядае “Чырвоны сцяг. Краснаполле”.
Цяперашнія беларускія камуністы ў адрозненні ад сваіх папярэднікаў, якіх яны ўсхваляюць, не настроены на барацьбу з рэлігіяй. Зносіць цэрквы не імкнуцца, і не заяўляюць, што яна нібыта опіўм для народа. Пры гэтым дэкларуюць, што паважліва ставяцца да рэлігіі, і як бачна на прыкладзе Сыранкова, ахвотна выкарыстоўваюць яе для сваго піяру. Праўда, за палітычныя рэпрэсіі супраць усіх канфесій у ХХ стагоддзі каяцца перад Богам і людзьмі яны па-ранейшаму не збіраюцца.
Краснапольская раённая газета «Чырвоны сцяг» расказала, як мясцовыя валанцёры ўдзельнічаюць у рэспубліканскім марафоне «ДОБРО.БЕЛ». Замест лічбаў – ацэнкі. Марафон названы «сапраўдным дзвіжам», уборка тэрыторыі храма – «больш маштабнай місіяй», суботнік прайшоў «зусім нядаўна» і заняў «пару гадзін», пасля чаго «двары заззялі чысцінёй», а «зялёныя зоны ўздыхнулі вальней». Завяршаецца тэкст указаннем на «бляск у вачах нашых валанцёраў». З матэрыялу нельга даведацца ні колькі чалавек выйшла на суботнік, ні колькі двароў прыбралі, ні якога чысла гэта было, ні колькі вывезлі смецця. Не названы ніводзін удзельнік, акрамя першага сакратара райкама БРСМ Надзеі Варанцовай, якая дае каментар. Між тым сам праект пабудаваны менавіта на падліку. «У кожнага ўдзельніка ёсць мэта і бачны вынік. – тлумачыць Варанцова. – Прыбраў пляцоўку, пасадзіў кветкі, дапамог бабулі – і твой унёсак фіксуецца ў “Смарт-білеце”».
То бок улік вядзецца па кожным удзельніку і па кожным дзеянні – але ніводная лічба з гэтага ўліку ў публікацыю не трапіла. Акрамя сямі чалавек на фота.
Беларускі дыктатар 20 жніўня 2026 года прызначыў свайго спарынг-партнёра на мінулагодніх “прэзідэнцкіх выбарах” Сяргея Сыранкова сябрам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу РБ.
Інфармацыя аб новым прызначэнні Сыранкова з’явілася на сайце Лукашэнкі 20 жніўня. Згодна частцы 2 арт. 91 Канстытуцыі, Сыранкоў стаў адным з васьмі сенатараў, якіх прызначае сам дыктатар.
Сыранкоў узначальвае праўладную Камуністычную партыю Беларусі, займае ў ёй пасаду першага сакратара з 2024 года. Паводле інфармацыі на сайце партыі, ён працуе галоўным рэдактарам у рэдакцыі газеты “Камуніст Беларусі. Мы і час».
Сыранкоў паходзіць з Краснаполля. Працаваў настаўнікам, дырэктарам школы, пасля трапіў у Краснапольскі райвыканкам. У 2019-2023 быў прызначаны дэпутатам Палаты прадстаўнікоў. Падчас так званых “прэзідэнцкіх выбараў”, Сыранкова паставілі на другое месца і напісалі яму 3,2% галасоў выбаршчыкаў.
шэсць пасяджэнняў, адно з іх выязное – у аддзеле ўнутраных спраў райвыканкама;
два пасяджэнні правялі сумесна з «Кірмашом вакансій», у іх прынялі ўдзел 11 грамадзян;
наведалі чатыры арганізацыі – тыя, дзе працуюць асуджаныя да грамадскіх і папраўчых работ а таксама да абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
Па выніках наведванняў устаноўлена, што ўмовы выканання пакаранняў адпавядаюць патрабаванням заканадаўства. На пасяджэннях разглядалі садзейнічанне ў працаўладкаванні, заслухоўвалі інфармацыю аб зніжэнні ўзроўню рэцыдыўнай злачыннасці і аб рабоце з тымі, хто вызваліўся з месцаў пазбаўлення волі або вярнуўся з ЛПП. Ніводнай лічбы па гэтых пунктах у выніках няма. Невядома, колькі чалавек працаўладкавана, якім стаў узровень рэцыдыву, колькім дапамаглі пасля вызвалення. Між тым назіральная камісія пры выканкаме – орган не зусім цырыманіяльны. Закон замацоўвае за такімі камісіямі кантроль за выкананнем пакаранняў і ўдзел у пытаннях умоўна-датэрміновага вызвалення, гэта значыць у рашэннях, ад якіх залежыць, выйдзе чалавек раней тэрміну ці не. Ацэнка дзейнасці “назіральнікаў” змясцілася ў адным сказе: рука дапамогі працягваецца ўсім, каму яна вельмі патрэбна. Аматарам камп’ютарных гульняў вядомыя падобныя персанажы: у пост’ядзерным маскоўскім метро таксама ёсць нябачныя назіральнікі. Яны мала чым адрозніваюцца ад краснапольскіх калег – назіраюць і ні ў што не ўмешваюцца.
Трыццацішасцігадовы жыхар Краснаполля прыехаў у вёску да знаёмай, але дома яе не застаў: незадоўга да гэтага яе забралі пад арышт за даўгі як абавязаную асобу. Госць застаўся ў чужой вёсцы без грошай на зваротную дарогу.
Трэба было неяк выкручвацца, а досвед выжывання ў экстрэмальных умовах у падарожніка меўся – ён ужо быў судзімы за маёмасныя злачынствы.
Мужчына ўлез у чужы дом на ўскраіне вёскі, скраў спіртное і прадукты харчавання.
Злодзея вылічылі хутка – мясцовыя жыхары запомнілі незнаёмца.
Такім чынам у міліцэйскую зводку трапілі двое – жанчына, арыштаваная за даўгі перад дзяржавай і яе няўдачлівы госць.
Такое яно Краснаполле – і ў мясцовых радасцей няшмат, і прыезджым – не мёд.
Жыхар Краснаполля патэлефанаваў у раённую газету з простым пытаннем: чаму яго вуліца заасфальтавана напалову. На вуліцы Піянерскай адна частка роўная, другая гравійная, і пасля дажджу другая ператвараецца ў лужыны і бруд.
Адказ раённай улады аказаўся змястоўнейшым за само пытанне. Начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі, архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Таццяна Смолка патлумачыла, што асфальт паклалі некалькі гадоў таму ў рамках планавых работ, а другая палова вуліцы тады выглядала надзейна, у радыкальных мерах не мела патрэбы і магла яшчэ паслужыць у ранейшым статусе.
Гэта значыць вуліцу першапачаткова рамантавалі не цалкам, а да той мяжы, дзе пакрыццё яшчэ трымалася.
Далей пачынаецца працэдура. У плане на гэты год Піянерскай няма. У канцы года камісія правядзе чарговае абследаванне вуліц раёна. Калі спецыялісты вырашаць, што гравійная палова вычарпала рэсурс, будзе разгледжана пытанне аб уключэнні ўчастка ў пералік аб’ектаў рамонту на 2027 год. Тры ўмовы запар – і ніводнага тэрміну.
Адбіраюць у гэты пералік, як патлумачылі ў райвыканкаме, тыя ўчасткі, дзе сітуацыя найбольш крытычная. Логіка зразумелая: грошай на ўсё не хапае, рамантуюць горшае. Але ў яе ёсць пабочны эфект, які ў Краснаполлі відаць літаральна ў межах адной вуліцы.
Пакуль гравійка праязная, яна не трапіць у спіс. Трапіць яна туды ў той год, калі стане непраязной. Адзіны спосаб жыхарам наблізіць рамонт – дачакацца, каб дарога сапсавалася канчаткова.
І яшчэ адно. Роўная палова Піянерскай даказвае, што рамантаваць вуліцу раён умее і грошы на гэта калісьці знайшліся.
Справа не асфальце, а ў мяжы, на якой ён заканчваецца. Дзякуючы шматлікай арміі чыноўнікаў у райвыканкамах, гэтая мяжа праходзіць праз усю Беларусь.
Гісторыю з узбекскімі рабочымі ў ліпені абмяркоўвалі ў дзвюх краінах: 255 жыхароў Андыжанскай вобласці прывезлі ў Віцебскую вобласць па кантрактах з абяцанымі 900-1000 доларамі, а на месцы прапанавалі не больш за пяцьсот, жыллё і харчаванне – за ўласны кошт. Госці запісалі відэазварот да свайго хакіма з просьбай вярнуць іх дадому, і ўжо праз некалькі дзён гаворка ішла пра семсот долараў, бясплатнае жыллё і бясплатнае харчаванне.
Ашукваюць, зрэшты, не толькі ўзбекаў. Пракуратура Краснапольскага раёна паведаміла, што на адным з прадпрыемстваў раёна дзевятнаццаці непаўналетнім удзельнікам студэнцкага атрада і іх паўналетняму камандзіру заплацілі менш за мінімальны заробак.
Недаплата – больш за пяць тысяч рублёў на дваццаць чалавек, у сярэднім звыш двухсот пяцідзесяці рублёў на кожнага пры мінімальнай зарплаце 858 рублёў. Праверку пачалі не паводле плана нагляду, а пасля звароту законнага прадстаўніка аднаго з падлеткаў.
Прадпрыемства пракуратура не назвала. Але ў Краснапольскім раёне студэнцкіх атрадаў гэтым летам усяго чатыры, і раённая газета распісала, дзе яны працавалі:
Напрыканцы траўня на Алеі Славы далі старт працоўнаму семестру: атрады «Патрыёты», «Радзіма» і «Зорка» з раённай гімназіі і «Спадчыннікі Перамогі» з сярэдняй школы райцэнтра.
Тры атрады сельскагаспадарчага профілю працавалі ў ААТ «Краснапольскі», экалагічны – у лесагадавальніку Краснапольскага лясгаса.
Значыць, гаворка ідзе пра адзін з двух астатніх сельскагаспадарчых атрадаў – а яны ўсе працавалі ў знакамітым сваёй стратнасцю ААТ «Краснапольскі» – альбо пра экалагічны атрад, што працаваў у лясгасе.
Найхутчэй, менавіта апошні і недаплаціў падлеткам, таму што, калі б гэта быў калгас “Краснапольскі”, то пацярпелых было б тры атрады..
Асобна варта перачытаць травеньскі рэпартаж раённай газеты.
Лідарка раённага БРСМ называла працоўны семестр інвестыцыяй у будучыню моладзі, старшыня савета ветэранаў, гледзячы на байцоўкі, успамінала ўласную маладосць, а прадпрыемствы, якія прымалі атрады, у тэксце называліся «шаноўнымі». Праз два месяцы высветлілася, што адно з гэтых шаноўных прадпрыемстваў плаціла школьнікам ніжэй за дзяржаўны мінімум.
Ад самавольства лукашэнкаўскіх уладаў узбекаў выратавала тое, што ў іх быў тэлефон з відэакамерай і хакім, а ў краснапольскіх школьнікаў знайшоўся адзін настойлівы бацька.
У ААТ «Краснапольскі» правялі нараду з удзелам старшыні райвыканкама Аляксандра Яфімчыкава, намесніка начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы Таццяны Шалашовай і дырэктара гаспадаркі Івана Бондарава.
Разбіралі праблему: кароў спраўна асемяняюць, але прыплод не адпавядае паказчыкам.
Рашэнне знайшлі – праводзіць нарады па пытаннях фізіялогіі кароў і вытворчых паказчыках двойчы на месяц. Акрамя гэтага, даручана правесці «дэталёвы фізіялагічны аналіз пагалоўя на кожным аб’екце з запаўненнем адпаведных бланкаў» і забяспечыць «граматную сарціроўку жывёл і падрыхтоўку да асемянення».
Яфімчыкаў падкрэсліў, што ад прафесіяналізму ветэрынарнай службы, брыгадзіраў і асемянатараў «наўпрост залежыць эканамічны дабрабыт гаспадаркі». Выкананне пастаўленых задач будзе «на асаблівым кантролі».
Як двойчы на месяц праводзімыя нарады ў райвыканкаме павінны паўплываць на здольнасць кароў выношваць цялят, у справаздачы не тлумачыцца.
Але здаецца, што ў Яфімчыкава, Шалашовай і Бондарава іншых варыянтаў папросту не засталося.
Пешаходны мост на вуліцы Антонава ў Краснаполлі зноў часткова выйшаў з ладу: адна з пліт пераходу стаіць пад вуглом. Пра гэта піша раённая газета «Чырвоны сцяг».
Галоўны інжынер УКВПП «Жылкамунгас» Аляксандр Дарашэнка прызнаў праблему, паабяцаў ліквідаваць яе найбліжэйшым часам. Брыгаду вывелі аператыўна, пліту ўмацавалі і выраўнялі.
Яшчэ ў лістападзе 2025 года вакол таго ж моста бушавалі жарсці паводле іншага сцэнару. Пешаходную частку вясной рэканструявалі, пасля чаго невядомыя вандалы сталі рэгулярна вырываць новыя пліты і скідваць іх у раку. Адна пліта засталася ляжаць паверх ліўнёўкі, заблакавала адток вады і парушыла цэласнасць пераходу. Міліцыю прасілі далучыцца, асобна – грамадзян, «паважаць чужую працу».
Цяпер, праз восем месяцаў, версія абнавілася: вінаватыя дажджы. Вада вымывае грунт з-пад пліты, канструкцыя зноў становіцца рубам.
Адкуль пасля вясновай рэканструкцыі 2025 года бярэцца гэтая хранічная нестабільнасць, жылкамунгас не тлумачыць. Рамонт раз за разам застаецца касметычным – пліту паправілі, дачакаліся наступнага размыву.
Паўнавартасная праца з грунтам, водаадвядзеннем і мацаваннем пліт запатрабавала б капітальнага каштарысу, які ў план раённага жылкамунгаса ніхто ўключаць не збіраецца. Некалькі касметычных выездаў брыгады з самазвалам абыходзяцца танней, чым адзін нармальны рамонт.
Вынік: пліта стаіць рубам, жылкамунгас абяцае, «Чырвоны сцяг» падбірае наступнага вінаватага.
Зрэшты, такая падача праблемы для Краснаполля яшчэ даволі мяккая. Добра яшчэ, што вінавацяць толькі дажджы. А маглі ж абвінаваціць і палякаў.
У ААТ «Краснапольскі» брыгадзір ходзіць па кароўніку у белым касцюме
У Краснаполлі расказалі пра «пераадоленне стэрэатыпаў»: журналістка ехала на сустрэчу з брыгадзірам фермы «Яноўка» і думала сустрэцца з «суровым, загартаваным гадамі кіраўніком у бясформенай ватоўцы», а ўбачыла «крохкую дзяўчыну ў беласнежным бручным касцюме» з бездакорнай прычоскай. Ці азначае гэта, што ў Краснаполлі канчаткова сцерліся межы паміж сядзеннем у рэдакцыйным кабінеце і працай на ферме? Паспрабуем разабрацца.
Што за гаспадарка, што за раён?
ААТ «Краснапольскі» – адзіная стратная гаспадарка паміраючага Краснапольскага раёна. У 2021 годзе ў адкрытае акцыянернае таварыства аб’ядналі ўсе былыя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы раёна. Атрымаўся некіравальны монстр, з якім па чарзе пакутуюць усе прызначаныя туды кіраўнікі. Разбіраць старыя кароўнікі прадпрыемству дапамагаюць студэнты магілёўскіх ВНУ, а колькасць ахвотных працаваць там растае з кожным днём.
Сам Краснапольскі раён – адзін з пяці раёнаў Магілёўшчыны, якія найбольш пацярпелі ад Чарнобыля. Менавіта сюды прыязджаў Лукашэнка ў 2025 годзе інспектаваць рыбу і мінеральныя ўгнаенні, патрабуючы «разабрацца і пасадзіць». Саджаюць у Краснаполлі насамрэч часта, а вось разабрацца без шклянкі – ніяк.
Кадравы правал
І вось адна дзяўчына, якая працавала на сур’ёзных пасадах у мінскіх гандлёвых сетках, па сямейных абставінах апынулася на Краснапольшчыне. Працу па спецыяльнасці не знайшла і прыйшла на сумоўе ў ААТ «Краснапольскі» – на пасаду сакратара. Дырэктар паглядзеў яе працоўную кніжку, убачыў «Кока-Колу», Zara, кіруючыя пасады і адразу прапанаваў ёй стаць брыгадзірам МТК. Без адзінага дня вопыту ў сельскай гаспадарцы, без профільнай адукацыі, без нават фармальнага сумоўя з кіраўніком жывёлагадоўчага напрамку. Дзяўчына «зажмурылася і пагадзілася».
Гэта не пра смеласць, а пра кадравы правал. Гэта пра тое, што альтэрнатывы не было ні ў яе, ні ў дырэктара.
І за даярку, і за вартаўніка
А цяпер паслухаем саму гераіню аповеду:
Пра кадры: «Лянівых не трымаю. Тыя, хто не цягне наш рытм, патроху сыходзяць». З гаспадаркі, якая і без таго стратная. Гэта значыць, калектыў працягвае скарачацца.
Пра падмены: «Калі нехта захварэў або не выйшаў – замяняю сама. Няма даяркі? Бяру апарат і даю. Няма вартаўніка? Застаюся дзяжурыць на ноч». Гэта не «патрабавальны кіраўнік», гэта супрацоўнік, які робіць працу за ўсіх, каго не змог утрымаць штат. Брыгадзір, які стаіць з даільным апаратам а пятай раніцы, таму што даярка не прыйшла, і падмена вартаўніка, які напіўся – бяда, а не подзвіг.
Пра матывацыю: «Ёсць план, ад якога наўпрост залежыць зарплата людзей. А я хачу, каб мой калектыў атрымліваў годныя грошы. Я кожнаму на пальцах тлумачу, дзе і як можна падзарабіць». Гэта значыць, базавы заробак у стратнай гаспадарцы такі, што штатныя супрацоўнікі павінны шукаць магчымасць «падзарабіць», каб атрымліваць «годныя грошы».
Звяртаем увагу на кампазіцыю здымка. Яна пастановачная ад пачатку да канца. Працаваць у сапраўдным кароўніку ў такім выглядзе фізічна немагчыма: аднаразовы касцюм за 15 хвілін прамокне наскрозь, шапачка спаўзе пасля першага нахілу, белыя красоўкі давядзецца мяняць ужо праз гадзіну.
Такім чынам гэтая гісторыя не пра белы халат на ферме стратнага калгаса, а пра пару сімпатычных дзяўчат, журналіста і кансультанта моднага брэнда, якіх прызначылі тварамі рэкламнай кампаніі «Зробім даяркай каго заўгодна».
І калі журналіст працягне ствараць сельскагаспадарчыя ілюзіі, то новаспечаны брыгадзір, імаверна, хутка стоміцца ад краснапольскага шчасця.