Могилев Вячаслав Лазарев

Экс-палітвязень: у магілёўскай калоніі бачыў, як бензапіла рэзала твар людзям

Відэааператар і журналіст Вячаслаў Лазараў, які быў рэпрэсаваны ў 2023 годзе, распавёў пра здзекі ў магілёўскай калоніі №15 і жудасныя ўмовы працы зняволеных.

Вячаслава Лазарава затрымалі ў лютым 2023 года. Праз восем месяцаў яго асудзілі да пяці з паловай гадоў пазбаўлення волі, а яго жонку Таццяну Пыцько – да трох гадоў калоніі (пасля апеляцыі жанчыну адпусцілі на волю). Падставай для пераследу стала іх супрацоўніцтва з “Белсатам”. Увесь гэты час іх дачка, якой на той момант быў адзін год, знаходзілася спачатку ў органах апекі, а затым – у бабулі.

Холад, знявагі і здзек

Напрыканцы лістапада 2023 года Вячаслаў Лазараў трапіў у магілёўскую папраўчую калонію №15. Ён прызнаецца, што чакаў хоць нейкай палёгкі пасля СІЗА – магчымасці ўбачыць неба, крыху адчуць паветра. Але рэальнасць аказалася куды страшнейшай.

“Калі мяне прывялі да начальніка калоніі, я пачаў размаўляць на беларускай мове, але мяне выгналі. Так адбывалася пяць разоў запар. Потым начальнік калоніі сказаў: “Ты супрацоўнічаеш з “Белсатам”? – Яны пра мяне кепскія рэчы пісалі. Ты ведаеш, што калі табе на вочы патрапіць вадкасць для апрацоўкі дрэваў – ты застанешся сляпым? Ага, у цябе задраны каўнерык – значыць, 15 сутак”. Так я ўпершыню трапіў у ШІЗА, з якога не вылазіў: за першыя паўгода я правёў там 80 дзён” – распавёў Вячаслаў Праваабарончаму цэнтру “Вясна”.

Ён апісвае ШІЗА як месца, дзе чалавека ламалі маральна і фізічна. Там – лёд на сценах, ложак на ланцугу без матраца, адзін халодны камплект адзення з надпісам «ШІЗА». Спаць можна толькі па паўгадзіны, бо прачынаешся ад холаду.

“Міску з ежай спецыяльна акунулі ў кашу, каб яна з яе сцякала, працягнулі яе ў акенца і смяяліся. І яшчэ казалі, што нешта дадалі туды. Я адразу зразумеў, што гэта здзек і не дакрануўся да ежы. Калі аддаваў назад, яшчэ засунуў туды кубак з гарбатай – каб так паказаць свой пратэст. На здзіўленне, кантралёр паглядзеў і нічога не сказаў” – кажа былы палітвязень.

Паводле Вячаслава, хоць фізічнага гвалту да палітвязняў ён не назіраў, маральны ціск быў паўсюль. Іх спрабавалі прымусіць да прыніжальнай працы, напрыклад, падбіраць недакуркі.

“Калі б я пагадзіўся праз няведанне, мяне б таксама перавялі ў нізкі статус. Але калі я паспрабаваў адмовіцца, мяне тут жа паспрабавалі выкрыць у тым, што я прытрымліваюся зладзейскіх паняццяў, а гэта фармальна забаронена. Тады я тлумачыў, што я не палю, таму для мяне гэта зневажальна, але я не адмаўляюся ад іншай працы. Але акрамя таго, яны могуць даць табе заданне перанесці ў адзіночку цяжкія рэчы – а гэта немагчыма. І калі ты просіш дапамогі, то гэта расцэньваюць як адмову ад працы. Вядома, у абодвух выпадках табе даюць парушэнні і закідваюць у ШІЗА. Я ўжо прыняў, што хутка ў мяне будзе 411-ы артыкул і змірыўся, але потым ціск прайшоў і пра мяне неяк забыліся” – распавёў Вячаслаў.

Умовы працы пагражаюць жыццю

Праца ў калоніі – цяжкая і небяспечная. Хоць афіцыйна працоўны дзень доўжыцца з 8 да 16, зняволеныя часта застаюцца да позняга вечара. Найбольшая частка працуе на дрэваапрацоўцы.

“На прамзоне я бачыў больш здарэнняў, чым за ўсё жыццё. Праз умовы працы выляталі бярвёны, ударалі па руках і нагах. Я бачыў, як адлятала бензапіла і рэзала твар людзям. Станкі настолькі старажытныя, што адна з дэталяў стрэліла ў столь і адрыкашэціла зусім побач з адным палітвязнем – а важыла яна кілаграм 20. Проста цуд, што яна не забіла яго” – адзначае былы палітвязень.

За сваю працу вязні атрымліваюць толькі сімвалічны заробак – каля сямі рублёў. Пры гэтым частку могуць вылічваць у якасці “кампенсацыі шкоды”. Асабліва цынічным, паводле Вячаслава, было тое, што частка вытворчасці працуе на вайсковыя патрэбы.

“Гэта тычылася і дэталяў, і адзення на швейнай вытворчасц. Адмовіцца было немагчыма, галоўная задача там – захаваць здароўе. Бальнічны там, дарэчы, давалі толькі з тэмпературай за 38. Я двойчы ляжаў у лякарні з пнеўманіяй пасля ШІЗА. Часцей людзі ідуць па дапамогу не да медыкаў, а адзін да аднаго: там жа сядзяць розныя людзі – ад дактароў да псіхолагаў. Таму ўсе імкнуліся дапамагаць адзін аднаму і абменьвацца інфармацыяй пра тыя ж памілаванні”.

У верасні 2025 года, праз два з паловай гады зняволення Вячаслаў стаў адным з тых, каго прымусова перамясцілі на тэрыторыю Літвы.

Фотаздымак: Праваабарончы цэнтр “Вясна”