Кілаваты выгоды – чыноўнікі інтэнсіўна рыхтуюць грамадскую думку да будаўніцтва другой АЭС на тэрыторыі Магілёўшчыны.
Напярэдадні “святкаванняў” з нагоды пяцігоддзя запуску першага энергаблока БелАЭС чыноўнікі рыхтуюць грамадскую думку да таго, што другая АЭС будзе пабудавана на тэрыторыі Магілёўскай вобласці – аднаго з рэгіёнаў краіны, што найбольш пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
У ход ідуць усе прапагандысцкія вынаходніцтвы. Ад таго, што “электрычныя” дамы ў мікрараёне Саломенка не залежаць ад сезонных адключэнняў гарачай вады, да таго, што Беларусь займае лідарскія пазіцыі на прасторах СНД па колькасці электрамабіляў.
Пры гэтым позіркі ідэолагаў скіраваныя на ўсход Беларусі.
Высветлілася нават, што “будаўніцтва Беларускай атамнай электрастанцыі за 18 кіламетраў ад Астраўца многія мясцовыя жыхары параўноўваюць з выйгрышам у латарэю”.
Ці патрэбны такі выйгрыш у такую сумнеўную латарэю Магілёўскай вобласці, якая ўжо накаштавалася “выгад” Чарнобыля?
Аналітык БІСІ Аляксей Аўдонін б’е аргументамі напавал і сцвярджае, што патрэбны. Бо “электрычнасць ляжыць у аснове вытворчасці розных тавараў, якія павінны быць канкурэнтаздольнымі”.
Аўдоніна зразумець можна. Ён нядаўна стаў галоўным асветнікам таварыства “Веды” і, калі спатрэбіцца падтрымаць фантасмагорыі Лукашэнкі, здолее прыплесці і закон Ома, і вежу Тэслы ў Уорденкліфе.
Аднак, жыццё паказвае, што пасля запуску Астравецкай АЭС:
- электраэнергія ў Беларусі не стала таннейшай для людзей;
 - тавары не сталі больш канкурэнтаздольнымі, а прадпрыемствы – менш стратнымі;
 - выдаткі на вытворчасць не зменшыліся.
 
І галоўнае. Ці варта даваць малпе другую гранату? Судзячы па выказванні губернатара Магілёўшчыны Анатоля Ісачанкі пра майнінг і “дота-цэнтры” ў кожным доме – далёка не варта.
Фота іллюстратыўнага характара з адкрытых крыніц.