Сутарэнне

Жыхары шматкватэрнага дома ў Горках пакутуюць ад затопленага сутарэння

Жыхары дома №2 па праспекце Дзімітрава ў Горках ужо некалькі месяцаў жывуць з непрыемнай праблемай – каналізацыйныя сцёкі рэгулярна заліваюць іх сутарэнне. 

Нягледзячы на неаднаразовыя прамыўкі труб, у тым ліку ў чэрвені і верасні, вада зноў і зноў вяртаецца, піша Orsha.ue. На месца неаднаразова выязджала камісія з прадстаўнікоў розных камунальных службаў, але прычыны паўторных затапленняў так і не вызначылі. Як тлумачаць спецыялісты, сеткі вонкавай каналізацыі праходзяць пад зямлёй, таму праверыць, ці правільна яны былі зроблены пры будаўніцтве дома, амаль немагчыма.

Жыхары прапанавалі разабрацца з праблемай за кошт сродкаў, якія штомесяц адлічваюць на капітальны рамонт. Але ў адказ пачулі, што гэтыя грошы знаходзяцца на асобным рахунку, створаным «для акумулявання фінансаў на капрамонт па ўсім Горацкім раёне». Іншымі словамі, выкарыстаць іх на канкрэтны дом пакуль немагчыма.

Прадстаўнікі ўлад абяцаюць, што ў сутарэнні адновяць цеплаізаляцыю труб і прыбяруць наступствы затаплення. Калі ж праблема паўторыцца, яны зноў будуць шукаць яе крыніцу.

А пакуль на інфармацыйным стэндзе яны размясцілі “Правілы карыстання сістэмай каналізацыі”.

Фотаздымак ілюстратыўны з адкрытых крыніц