Костюковичи стоматология

Дванаццаць талонаў на раён – лячэнне зубоў спрабавалі аналізаваць у Касцюковічах

Касцюкаўчанам складана трапіць на прыём да стаматолага, а начальства лічыць, што 12 талонаў на ўвесь раён цалкам дастаткова.

Журналісты раённай газеты правялі расследаванне сітуацыі вакол мясцовай стаматалогіі. Мяркуючы па выніках, змяніць нічога нельга – калі выцягваеш нос, абавязкова завязне хвост.

Высветлілася, што:

  • запісацца па прынцыпе «сёння на заўтра» дастаткова складана – дазваніцца нельга, але калі ўстаць у жывую чаргу, можа і пашанцуе атрымаць запаветны талон. Праўда, на гэта давядзецца патраціць… палову дня;
  • ускладнена хірургічная стаматалагічная дапамога, бо хірург-стаматолаг знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку і яго замяняе зубны фельчар;
  • электронны анлайн-запіс праз сайт часова не ажыццяўляецца па тэхнічных прычынах.

Пры ўсім гэтым намеснік старшыні Касцюковіцкага райвыканкама па сацыяльных пытаннях Кацярына Манушэнка сцвярджае, што праблем з медыцынскімі кадрамі няма і ва ўсім вінаваты самі жыхары Касцюковіч, якія:

  • не жадаюць запісвацца на планавы, прафілактычны прыём два разы на год;
  • не з’яўляюцца на прыём па замоўленых талонах;
  • абражаюць рэгістратара па тэлефоне або знаходзячыся ў жывой чарзе, калі ім не дасталося талонаў;
  • прыязджаюць у Касцюковічы для атрымання стаматалагічнай дапамогі з іншых гарадоў.

Калі ж не ператвараць пошук каранёў праблемы ў танец з бубнамі, то варта проста вярнуцца да фразы чыноўніцы пра тое, што праблем з медыцынскімі кадрамі ў Касцюковічах няма.

Манушэнку падтрымлівае і загадчыца стаматалагічнага аддзялення Касцюковіцкай ЦРБ Наталля Мартусевіч, якая лічыць, што:

  • “урачоў-стаматолагаў і зубных фельчараў з запасам”,
  • супрацоўнікі цэмзавода могуць атрымаць стаматалагічную дапамогу па месцы працы, а
  • дванаццаці (!) талонаў на тэлефонны запіс і на жывую чаргу цалкам дастаткова на 20 000 жыхароў раёна.

У наяўнасці поўны адрыў начальнікаў ад рэальнасці. Дванаццаці талонаў на ўвесь Касцюковіцкі раён было б дастаткова толькі ў тым выпадку, калі б мясцовыя жыхары цалкам прысвячалі ўсё сваё жыццё спробам патрапіць у стаматалогію.

Ды вось бяда: яны яшчэ працуюць, ходзяць у крамы, выхоўваюць дзяцей, удзельнічаюць у суботніках па добраўпарадкаванні і наведваюць дыялогавыя пляцоўкі, дзе тая ж Кацярына Манушэнка па дзве бітыя гадзіны тлумачыць ім, што ў квітнеючай Беларусі з медыцынскім абслугоўваннем насельніцтва справы ідуць так добра, што далей проста няма куды.

Фото раённай газеты “Голас Касцюкоўшчыны”.