Горкі таблічкі укрыцці

Горацкі МНС-нік паспрабаваў патлумачыць з’яўленне ў горадзе таблічак “Укрыццё”

Таблічкі з надпісам “Укрыццё” ўсхвалявалі жыхароў недалёкага ад Расіі райцэнтра. Начальнік мясцовага аддзела па надзвычайных сітуацыях паспрабаваў іх супакоіць.

Нагадаем, што яшчэ ў кастрычніку ў Горках мясцовыя жыхары ўбачылі новыя шыльды з указаннем адлегласці да ўкрыццяў. Узнікла меркаванне, што гэта звязана з актыўнасцю расійскіх дронаў, якія час ад часу залятаюць у Беларусь.

Нават у чат-бот мясцовай раёнкі звярнуўся мужчына, які быў занепакоены з’яўленнем у горадзе такіх таблічак. “Заўважыў ужо некалькі такіх пазначэнняў: каля бальніцы, кінатэатра і ў раёне акадэміі. Як убачыў, то стала крыху страшна” – адзначае мясцовы жыхар.

Начальнік Горацкага райаддзела МНС Дзмітрый Казлоў даў тлумачэнні. Ён адзначыў, што з’яўленне ўказальнікаў «Укрыццё» каля мясцовай бальніцы, кінастудыі, у раёне акадэміі і ў іншых месцах не звязана з надзвычайнымі здарэннямі і з’яўляецца планавымі працамі па сістэматызацыі і ўліку аб’ектаў грамадзянскай абароны.

Паводле інструкцыі па ўтрыманні такіх збудаванняў прадугледжваецца іх абазначэнне і пазначэнне шляхоў падыходу да іх. Укрыцці існавалі ў Горках заўсёды, але цяпер «у ходзе кантрольных мерапрыемстваў гэтыя аб’екты былі прыведзены ў адпаведнасць з патрабаваннямі інструкцыі».

Праўда, начальнік РАНС не патлумачыў, чаму менавіта цяпер былі праведзены «кантрольныя мерапрыемствы». 

Фотаздымак: gorkiv.by