Той прыгажуні, якая захоча стаць “Міс Касцюковічы – 2025”, трэба найперш падумаць аб сваім працоўным калектыве.
Прыгажосць і праца – галоўнае, што мусяць прадставіць удзельніцы конкурсу, які намечаны ў касцюковіцкім Цэнтры культуры 12 снежня 2025 года.
“Гэты конкурс – выдатная магчымасць прадэманстраваць прыгажосць, талент і інтэлект прадстаўніц працоўных калектываў, а таксама падтрымаць імідж іх арганізацый у раёне” – гаворыцца ў абвестцы ў тэлеграм-канале мясцовай раёнкі “Голас Касцюкоўшчыны”.
Удзельніцы змогуць праявіць сябе ў разнастайных творчых і інтэлектуальных іспытах, абяцаюць у паведамленні.
Што ж рабіць тым дзяўчынам, якія яшчэ не знайшлі свой працоўны калектыў, яшчэ вучацца ці з’яўляюцца хатнімі гаспадынямі? Яны, пэўна, па меркаванні арганізатараў конкурсу, ніяк не могуць быць вартыя ганаровага звання “Міс Касцюковічы” гэтага года. То бок, паважаныя прыгажуні, калі вы насамрэч такія, спачатку ўладкуйцеся на працу, атрымайце накіраванне ад начальства на “Міс Касцюковічы – 2025”, а ўжо потым прыходзьце і мы паглядзім на вас. Так, відаць, разважаюць арганізатары конкурса прыгажосці прадстаўніц працоўных калектываў.
А што ж рабіць тым працоўным калектывам, дзе, напрыклад, адны мужчыны, а калі і ёсць жанчыны, то яны даўно ўжо не міс? Адказ ёсць – тэрмінова браць на працу, хоць на 0,1 стаўкі якую-небудзь беспрацоўную касцюковіцкую прыгажуню. А пасля конкурса можна і звольніць, калі не падтрымае “імідж іх арганізацый у раёне”.
Фотаздымак: Новости Костюковичи