Валанцёрка з групы “Рабі дабро Шклоў” прыйшла на прыём да главы МУС Івана Кубракова папрасіць аб працягу тэрміну пакарання за дрэннае абыходжанне з хатнімі жывёламі.
26 лістапада міліцэйскі міністр парводзіў асабісты прыём грамадзян у Шклоўскім райвыканкаме. Да яго і прайшла мясцовая валанцёрка. Як піша тэлеграм-канал МУС, спачатку наведвальніца падзякавала міністру за тое, што адзін з мясцовых участковых добра правёў разбіральніцтва па выпадку жорсткага абыходжання нейкай жанчыны са сваім гадаванцам. Затым яна перайшла, пэўна, да галоўнага ў сваім візіце.
Зоаабаронца папрасіла, каб МУС выступіла з заканадаўчай ініцыятывай па павелічэнні тэрміну магчымасці адміністрацыйнага спагнання за жорсткае абыходжанне з хатнімі жывёламі. У цяперашні час гэтую меру можна выкарыстоўваць не пазней за два месяцы з дня здзяйснення правапарушэння.

Ды і ўвогуле валанцёрка прапанавала актывізаваць узаемадзеянне органаў унутраных спраў з зоаабаронцамі.
Што на ўсё гэта адказаў высокапастаўлены міліцэйскі чын, МУС не паведамляе.
Фотаздымак: тэлеграм-канал МУС