азеляненне

230 000 чалавек займаліся азеляненнем, але з высаджаных у Магілёве кустоў не знайшлі ніводнага

Чыноўнікі заяўляюць, што Магілёўшчыну азелянялі 230 тысяч чалавек – а гэта амаль усё дарослае насельніцтва абласнога цэнтра, разам з пенсіянерамі і інвалідамі. Цяпер рознымі прыпіскамі, дрэвамі і кустамі, высаджанымі толькі на паперы, займаецца пракуратура.

Начальніца аддзела добраўпарадкавання і работы з другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі ДУ «Жыллёва-камунальная гаспадарка Магілёўскай вобласці» Яна Мамчанка рапартавала аб вялікай рабоце па добраўпарадкаванні, праведзенай у Магілёўскай вобласці.

У рамонтах, мадэрнізацыі і азеляненні ўдзельнічалі:

  • 230 тысяч чалавек;
  • 7,2 тысячы юрыдычных асоб;
  • каля 46 тысяч грамадскіх актывістаў.

Асабліва хочацца спыніцца на поспехах грамадскіх актывістаў па азеляненні. З імі ўжо разбіраецца пракуратура. Масавыя прыпіскі выяўлены па ўсёй Беларусі, але асабліва вызначыўся Магілёў:

На кальцы вуліц Каштанавай і Крупскай пракурорскія работнікі шукалі жывую агароджу з бюрычыны. З дзвюхсот кустоў не знайшлі ніводнага.

На праспекце Шміта за два гады высаджана 600 дрэў – усе яны загінулі ў зарасніках пустазелля, вышэйшым за чалавечы рост.

Ля дома № 8 па вуліцы Крывуліна было нібыта высаджана 79 туй, а знайшлі толькі дзесяць.

Пры гэтым Яна Мамчанка сцвярджае, што “сумесныя намаганні далі станоўчую дынаміку”.

Калі з рамонтамі і мадэрнізацыяй справа ідзе так жа, як з азеляненнем, то не варта распыляць віну на 230 000 удзельнікаў добраўпарадкавання. Цалкам дастаткова прыцягнуць да адказнасці такіх, як Яна Мамчанка.

Фота скрыншот рэпартажа тэлеканала “Магілёў-4”.