Гарошкін пра турнэ

Магілёўскі «сенатар» Гарошкін выказаўся пра шырокую Лімпапо, дзе гуляе Гіпапо

Старшыня магілёўскіх «дэпутатаў» – у захапленні ад палёту Лукашэнкі па афрыканскай дузе і ўласнага галавакружэння ад «адкрытых перспектыў».

Старшыня Магілёўскага абласнога савета «дэпутатаў» Аляксандр Гарошкін дэталёва прааналізаваў нядаўнія візіты Лукашэнкі да афрыканскіх плямёнаў і прыйшоў да шакавальных высноў. Гарошкін перакананы, што сямейныя туры беларускага дыкатара сведчаць:

  • пра імкненне Беларусі да дыверсіфікацыі знешніх сувязяў і ўмацавання сваіх пазіцый на міжнароднай арэне;
  • пра тое, што беларускія кампаніі атрымалі новыя магчымасці для выхаду на рынкі М’янмы, Амана і Алжыра;
  • пра тое, што праведзеныя бізнес-форумы і «круглыя сталы» спрыялі наладжванню прамых кантактаў і абмену вопытам;
  • пра тое, што візіты садзейнічаюць паспяховаму прасоўванню нацыянальных інтарэсаў і забеспячэнню ўстойлівага развіцця краіны.

Ключавое слова тут, канешне – дыверсіфікацыя. Прасцей кажучы, здольнасць Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі правільна размяркоўваць сямейны капітал і Аляксандра Рыгоравіча Гарошкіна – граматна размяркоўваць хлусню ў сваіх ліслівых заявах.

Бо ніякіх бізнес-форумаў і «круглых сталоў» праводзіць нават не збіраліся. Усе візіты Лукашэнкі па шырокай афрыканскай дузе праходзілі ў выключна вузкім, сямейным коле.

Але Гарошкіна можна зразумець. Будаўніцтвам паветраных замкаў ён займаецца не таму, што наіўна верыць у тое, быццам бы Алжыр дапаможа ўпарадкаваць Магілёў без крымінальшчыны сярод чыноўнікаў, а Аман укладзе інвестыцыі ў стратныя калгасы вобласці.

Проста ад колькасці лапшы, павешанай на вушы магілёўцаў, залежыць асабісты дабрабыт Гарошкіна. Афрыканская дуга – далёка, а мяккае крэсла ў абласным савеце «слуг народа» – пад рукой. Сядзячы ў ім, можна беспакарана хлусіць электарату пра што заўгодна. Нават пра шырокую Лімпапо, дзе гуляе Гіпапо.

Фота “Магілёўскія ведамасці”.