Стала вядома цяперашняе месца адбыцця пакарання берасцейскага палітвязня Аляксанра Казлянкі – ён знаходзіцца ў Горацкай калоніі №9.
Аб пераводзе анархіста, асуджанага па справе “Рэвалюцыйнага дзеяння”, у калонію ў Горках паведаміў тэлеграм-канал АЧК-Беларусь. Гэта адбылося пасля суда над ім па арт. 411 за нібыта непадпарадкаванне адміністрацыі выпраўленчай установы і асуджэння яго яшчэ на паўтара года зняволення. Раней Аляксандр адбываў пакаранне ў Наваполацкай калоніі №1. Там жа праходзіў суд.
Першапачаткова, 6 верасня 2022 года, палітвязень быў асуджаны на шэсць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і да штрафу ў памеры 500 базавых велічынь (16 000 беларускіх рублёў ці больш за 6 300 долараў).
Паводле Праваабарончага цэнтру “Вясна”, Аляксандр Казлянка, акрамя датычнасці да анархісцкага руху, быў сябрам “Свабоднага прафсаюза”. Ён раней неаднаразова затрымліваўся за ўдзел у пратэстных акцыях, напрыклад, супраць акумулятарнага завода (АКБ) у Берасці і супраць дэкрэта “аб дармаедах” у 2017 годзе.
2 сакавіка 2021 года да Аляксандра прыйшлі з вобшукам, а затым затрымалі.
Аляксандру прад’яўленае абвінавачванне па арт. 342 Крымінальнага кодэксу (Арганізацыя альбо актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, груба парушаючых грамадскі парадак) і па ч. 2 арт. 285 Крымінальнага кодэкса (стварэнне злачыннай арганізацыі альбо ўдзел у ёй). У аснову абвінавачвання па арт. 342 КК лёг эпізод з перакрыццём дарог ў Берасці ажно ў 2018 годзе: 5 траўня таго году анархісты блакавалі тры паласы трасы М1, пратэстуючы супраць будаўніцтва заводу АКБ. Пры гэтым знаёмыя Казлянкі кажуць, што ўдзелу ў акцыі ён не прымаў.
З першых дзён знаходжання ў зняволенні Аляксандра абавязалі насіць жоўтую бірку, як “схільнага да экстрэмізму і іншых дэструктыўных дзеянняў” (такія біркі носяць усе палітвязні), гэта значыць, што да зняволенага асаблівае стаўленне і больш жорсткія ўмовы адбыцця пакарання.
Фотаздымак: ПЦ “Вясна”