Дзень у гісторыі. 13 снежня. Налівайка спаліў Магілёў

Дзень святога апостала Андрэя Першазванага (праваслаўны каляндар).

Святы апостал Андрэй родам з Віфсаіды Галілейскай. Стаў першым вучнем Хрыста і першым вызнаў Яго Збаўцам, прывёў да Хрыста свайго старэйшага брата Сымона, будучага апостала Пятра.

Паводле паданняў Андрэй з пропаведзямі прайшоў Малую Азію, Фракію, Македонію, Скіфію, Прычарнамор’е, прайшоў па Дняпры – да месца, дзе цяпер Кіеў і паставіў крыж на кіеўскіх гарах, потым пайшоў да будучага Ноўгарада праз сучасныя беларускія землі. 

Пакутніцкую смерць прыняў у Патрасе. Тыран горада, язычнік Эгеат загадаў не прыбіваць рук і ног яго да крыжа, а прывязаць іх. Крыж меў форму літары “Х” і атрымаў назву “Андрэеўскі крыж”.

У 357 годзе мошчы святога апостала Андрэя Першазванага перанесены ў Канстанцінопаль у храм Святых Апосталаў, у 1208 годзе перавезены ў Італію і змешчаны ў кафедральным храме ў Амальфі.

У даўніну на Андрэя слухалі ваду: раніцай ішлі на раку, рабілі палонку, перш чым зачэрпнуць вады, апускаліся на калені на край палонкі, дакраналіся вухам да лёду і слухалі:

Калі шумная вада, то трэба чакаць завеі, сцюжы.

Калі ціхая вада на Андрэеў дзень, то зіма будзе ціхай, добрай.

Апостал Андрэй

1577 год. Магілёў атрымаў права на выкарыстанне леса.

13 снежня 1577 г. гараджанам было перададзена ў распараджэнне “чатыры мілі лесу”. Што гэта значыла на практыцы: лес становіцца афіцыйнай рэсурснай базай для жыхароў – можна браць дрэва на будаўніцтва жылля, гаспадарчых пабудоў, рамёслы; дрэва ў той час – асноўны будаўнічы матэрыял для гандлёвых і жылых дамоў Магілёва; гарантаваны доступ да лесу – важны фактар эканамічнага развіцця і росту горада у канцы XVI ст.

1581 год. У вёсцы Ківерава Гара каля Яма Запольнага, у 80 км ад Пскова, пачаліся руска-польскія перамовы.

У студзені 1582 года было заключана 10-гадовае Ям-Запольскае перамір’е з Рэччу Паспалітай. Маскоўская дзяржава адмаўлялася ад Лівоніі і беларускіх земляў.

Ям-Запольскі мір

1595 год. Севярын Налівайка спаліў Магілёў.

13 снежня 1595 года ўкраінскія казакі-паўстанцы Севярына Налівайкі штурмам узялі Магілёў і на працягу двух тыдняў рабавалі і палілі горад. Згарэла больш за 500 жылых дамоў, каля 400 гандлёвых лавак і 7 цэркваў.

Севярын Налівайка

1826 год. Пайшоў з жыцця Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч. 

Беларускі рэлігійны дзеяч, літаратар, навуковец. Дзядзька В. Дуніна-Марцінкевіча.

У 1773 годзе стаў біскупам Беларускай дыяцэзіі, у 1780 – Магілёўскай архідыяцэзіі, з 1782 – архібіскупам Магілёўскім. З 1798 года – мітрапаліт усіх рымска-каталіцкіх касцёлаў у Расійскай імперыі. Спачуваў паўстанню 1794 года.

У Магілёве заснаваў друкарню, тэатр, бровар, суконную фабрыку, аранжарэю ў Буйнічах. Пабудаваў касцёл Святога Станіслава ў в. Маляцічы (зараз – Крычаўскі раён).

Аўтар вершаў, казанняў, паэм. Апекаваў навуцы. Старшыня Вольнага эканамічнага таварыства, прэзідэнт (1813) Імператарскай Акадэміі навук.

Адзін з заснавальнікаў ідэалогіі заходнерусізму. Аўтар «Граматыкі літоўскай» са слоўнікам (пад «літоўскай мовай», мусіць, мелася на ўвазе беларуская)

Захапляўся помнікамі старажытнасці, збіраў манускрыпты. Аўтар «Гісторыі Таўрыды», «Гісторыі сарматаў і славян».

У Магілёве захаваўся будынак былога палаца Сестранцэвіча (вул. Ленінская, 25). У Пецярбургу ўстаноўлены  мармуровы бюст.

Пахаваны ў Пецярбургу ў пабудаваным ім касцёле Св. Станіслава.

Богуш-Сестранцэвіч

1919 год. Адбыўся раскол Рады БНР на Найвышэйшую Раду і Народную Раду БНР.

Прадстаўнікі партый сацыялістаў-рэвалюцыянераў і  сацыялістаў-федэралістаў абвінавацілі сацыял-дэмакратычнае кіраўніцтва Рады БНР у згодніцтве і супрацоўніцтве з польскімі акупацыйнымі ўладамі. У выніку бальшыня Рады (50 чалавек) засталася дзейнічаць пад неафіцыйнай назвай Народная рада БНР на чале з абраным старшынёй П. Крэчэўскім, а меншыня (37 чалавек) выйшла з яе складу і на наступны дзень, 14 снежня, сфарміравала Найвышэйшую раду БНР на чале з Язэпам Лёсікам.  Польскія ўлады прызналі апошнюю, аднак мала лічыліся з ёй. У чэрвені 1920 года Найвышэйшая рада патрабавала ад Польшчы прызнаць незалежнасць БНР.

Зразумеўшы памылковасць арыентацыі на Польшчу, сацыял-дэмакраты прынялі ўдзел у нацыянальна-палітычнай нарадзе 20 кастрычніка 1920 года ў Рызе, на якой Найвышэйшая Рада спыніла сваю дзейнасць.

Язэп Лёсік
Язэп Лёсік, старшыня Найвышэйшай Рады БНР

2007 год. Падпісаны Лісабонскі дагавор аб унясенні змяненняў у Дагавор аб Еўрапейскім саюзе і Дагавор аб заснаванні Еўрапейскай супольнасці. 

Міжнародны дагавор, падпісаны на саміце ЕС у манастыры іеранімітаў ў Лісабоне.

Закліканы замяніць сабой Канстытуцыю ЕС, якая не ўступіла ў сілу, і ўнесці змены ў дзеючыя пагадненні аб Еўрапейскім саюзе ў мэтах рэфармавання сістэмы кіравання ЕС.

Набыў моц 1 снежня 2009 года.

Лісабонскі дагавор