прусак

Прусакі пасяліліся ў крычаўскай “Капеечцы”

У ТікТок завірусілася відэа, як прусак бегае па падлозе ў магазіне “Капеечка” ў Крычаве. Цяпер там правядуць дэзінсекцыю.

Відэа, якое з’явілася ў інтэрнэце два дні таму, на сённяшні дзень набрала больш за 40 тысяч праглядаў. На ім бачна, як па падлозе прадуктовага магазіна бегае даволі вялікі прусак.

Да відэа з’явілася шмат іранічных каментароў: “Не трэба здзіўляцца – гэта дырэктар магазіна, ён правярае свае уладанні”, “Такі харошанькі, укормлены”, “Бо ў кватэрах есці няма чаго, збеглі ў магазіны, там людзі дабрэйшыя”. Ёсць і тыя, якія спрабуюць нейкім чынам апраўдаць антысанітарыю ў асобна ўзятым магазіне: “У магазіне “Верас” тое ж самае… Прадавец сказала, што нічога зрабіць не могуць, бо прывозяць іх з хлебзавода”, “Няма чаму здзіўляцца, у кожным магазіне іх хапае”, “Нічога страшнага, гэта прадуктовы магазін, усюды так”.

Кіраўніцтва магазіна таксама адрэагавала на прусака. “Аб гэтым роліку мы ведаем. Даная сітуацыя вельмі непрыемная для нас. Меры прымаюцца. У бліжэйшы час санэпідэмстанцыя правядзе дэзінсекцыю” – заявіла загадчыца магазіна Кацярына Касценіч.

Скрыншот: Канал maratikzuv