дашкевіч руслан

У Бабруйску з адставаннем спрабуюць запусціць новы дрэваапрацоўчы завод

Новае бабруйскае дрэваапрацоўчае прадпрыемства ТАА “БР-Вуд” спадзяюцца запусціць у гэтым снежні, хоць у 2025-ым там ужо планавалі працаваць на поўную магутнасць.

Пра тое, што ў гэтым месяцы пачнецца запуск завода, напісала 10 снежня 2025 года інтэрнэт-выданне Бабруйскага гарвыканкама Вobrlife.by. Пра гэта яму паведаміў дырэктар прадпрыемства Руслан Дашкевіч (на фота). “Зараз на прадпрыемстве праходзяць пусканаладачныя работы на тэхналагічным абсталяванні” – паведаміў ён.

Дашкевіч таксама распавёў, што ў штаце прадпрыемства 50 працоўных месцаў. “Працэс набору персаналу працягваецца. Тэхналогія вытворчасці і запуску патрабуе, у першую чаргу, тэхнічных спецыялістаў. Цяпер мы актыўна набіраем аператараў лесапільнай лініі, сушыльнай гаспадаркі, якія пры неабходнасці праходзяць дадатковае навучанне на вытворчасці. Работнікі пераважна бабруйчане і жыхары прылеглых раёнаў. У перспектыве будзе фармавацца яшчэ і камерцыйны аддзел збыту” – кажа дырэктар непрацуючага на гэты момант прадпрыемства.

Паводле яго, новае лесапільнае прадпрыемства здольна перапрацоўваць да 197 тыс. м3 пілавачнай сыравіны ў год і атрымліваць 100 тыс.м3 гатовай прадукцыі ў выглядзе піламатэрыялаў. У планах – стварэнне пелетнага ўчастка магутнасцю да 35 тыс.тон у год.

Пра хуткі запуск прадпрыемства распавяло ў той жа дзень і СТБ. І яно таксама не паведаміла, што насамрэч у 2025 годзе ТАА “БР-Вуд” павінна было выйсці на поўную магутнасць сваёй вытворчасці. Пра гэта ў жніўні 2024 года на Рэспубліканскім семінары па пытаннях уключэння ў гаспадарчы абарот невыкарыстоўваемай маёмасці казаў усё той жа Руслан Дашкевіч. 

Хоць тады ўжо было вядома, што па стане на жнівень 2024 года рэалізацыя праекта адставала ад графіка па прычыне таго, што зацягнулася вырашэнне пытанне па закупцы абсталявання ў вытворцы.

Фотаздымак: Вobrlife.by