Фермер з Бабруйска

Больш за 30 тысяч рублёў заплаціць бабруйскі фермер за драбненне бізнесу

На незаконнай мінімізацыі падатковых абавязкаў злавілі бабруйскага фермера, які збіраўся ліквідаваць сваю сялянска-фермерскую гаспадарку.

Падаткавікі Бабруйска праверылі мясцовага фермера, які збіраўся ліквідаваць свой бізнес. Аказалася, што фермер скажаў справаздачную дакументацыю і наўмысна зарэгістраваў другую СФГ для выкарыстання падатковых ільгот.

Па выніках праверкі прад’яўлены да выплаты падаткі і пеня ў суме 28 000 рублёў. Яшчэ тры тысячы рублёў фермеру давядзецца заплаціць з-за змяншэння розніцы паміж сумай падатковых вылікаў і сумай ПДВ.

Судзячы па публікацыях у СМІ, падатковымі “гульнямі” на Магілёўшчыне часцей займаюцца індывідуальныя прадпрымальнікі сферы гандлю і паслуг. 

Аказваецца, фермеры таксама не любяць плаціць падаткі. Пра чыноўнікаў, якія мухлююць са сваімі падатковымі дэкларацыямі, навін няма зусім. 

Фота “Магілёўскія ведамасці”.