«Магілёўскія ведамасці» сумесна з упраўленнем КДБ па Магілёўскай вобласці выдалі кнігу пра “гераізм чэкістаў у гады вайны”.
Контрразведчыкі Магілёва не хочуць, каб перапісвалі іх “слаўную” гісторыю. З гэтай мэтай яны прэзентавалі кнігу «”Храбрацы“ асаблівага прызначэння».
Мерапрыемства прайшло ў сценах Музея Славы і сабрала ўвесь колер магілёўскай творчай інтэлігенцыі цяперашняга кшталту – галоўнага рэдактара газеты аблвыканкама Ірыну Петрусевіч, прадстаўнікоў грамадскай арганізацыі ветэранаў КДБ «Гонар», былога КДБіста, а цяпер старшыню абласного аб’яднання саюза пісьменнікаў Алеся Казеку і ўсіх, хто перакананы ў бездакорнасці магілёўскіх чэкістаў.
Тэма не проста спрэчная, а вельмі і вельмі склізкая. Чэкісты, няма словаў, таксама ваявалі, але іх уклад у перамогу над фашызмам – мікраскапічны ў параўнанні з мільёнамі салдат, што засталіся ляжаць пад фанернымі зоркамі і ў безыменных пахаваннях на палях баёў.
А вось пра ролю чэкістаў у фарміраванні загараджальных атрадаў, перадваенных і пасляваенных рэпрэсіях супраць уласнага народа кніжак пісаць не трэба – пра гэта ўсё і ўсім даўно вядома.
«Подзвігі» чэкістаў, у тым ліку і магілёўскіх, здзейсненыя ў апошні час, таксама афіцыйна задукаментаваныя.
За чарговую хвалю рэпрэсій супраць беларускага народа ім давядзецца адказваць паводле закона. І кнігі пра гэта будуць напісаныя зусім іншыя: гісторыю не спатрэбіцца перапісваць, яе трэба будзе толькі дапісаць.
Фота “Магілеўскія ведамасці”.